У Беларусі ва ўсю ідзе сезон “ціхага палявання”. Падчас яга нярэдка знікаюць людзі.

Yе так даўно пісалі пра жыхара вёскі Раздзялавічы, які знік на суткі ў лесе. У вёсцы Дзяніскавічы 8 верасня шукалі мужчыну і дзвюх жанчын. Іх знайшлі к вечару таго ж дня.

Падобная сітуацыя адбылася і ў Пінскім раёне, дзе знікла жыхарка вёскі Ізін. Толькі знайшлася яна не праз суткі, а праз трое. Аўтару давялося таксама паўдзельнічаць у пошуках гэтай жанчыны на другі дзень пасля знікнення. Рушылі мы ўдвух на машыне сябра Максіма Амельяновіча ў чацвер 9 верасня пасля працы і вячэры. Для абодвух гэта быў першы досьвед удзелу ў такіх мерапрыемствах.

Цёпла апрануўшыся і ўзяўшы з сабой тэрмас з кавай, а ў каардынатара ганцавіцкага пашукова – выратаваўчага атраду “Анёл” Рыты Велясевіч пакет з рацыямі, кампасамі і ліхтарыкамі, паехалі на месца. Шлях да кропкі знікнення і пошуку займаў прыкладна 120 кіламетраў.

Максім Амельяновіч даўно хацеў патрапіць на пошукі людзей, але не атрымоўвалася. Ён кажа: “Чатыры разы збіраўся шукаць зніклых у Ганцавіцкім раёне. Але пакуль збяруся, чалавек ужо знаходзіцца. З-за гэтага раней ў мяне ніяк не атрымоўвалася. Я ведаю, што на пошуках патрэбны сілы і сур’ёзная дапамога. Таму я вырашыў паўдзельнічаць, каб дапамагчы ў гэтым”.

Атрад «Анёл»

Першае, што заўважылі, як пад’ехалі на месца — гэта скапленне машын у вёсцы. Былі тут джыпы, вездзяходы, легкавушкі, а таксама пару аўтамабіляў МНС. На тэрыторыі аднаго дома быў разбіты лагер. Стаяла палатка. Гарэлі ліхтары. Было шматлюдна і людзі яшчэ прыязджалі.

Як шукалі зніклую жанчыну ў лесе ў Пінскім раёне

Да нас адразу падыйшла жанчына, якая прадставілася Аленай. Яна працуе медсястрой і з’яўляецца адным з каардынатараў пашукова – выратаваўчага атрада “Анёл”.  Алена хуценька перапісала нашы дадзеныя і “скарб”, які мы прывезлі разам з сабой (абсталяванне для пошукаў). У нас запыталі да якога часу мы будзем тут.

Мы адказалі, што гатовы быць да трох гадзін ночы, бо раніцай на працу. Уразіла тое, што былі людзі, якія прыехалі шукаць чалавека да перамогі. Гэта значыць столькі колькі трэба. Потым мы праслухалі кароткі інструктаж аб тым, што ў лесе нельга хадзіць аднаму, што трэба быць заўсёды на сувязі са сваёй групай, што трэба быць чуйным і уважлівым. Пасля гэтага нас разбілі на каманды і мы рушылі ў лес на свае квадраты.

У кожнай камандзе было па 3 – 5 чалавек. Арыентаваліся ўсе па электроннай праграме “Locus map”, якая была ўсталявана ў кожнай камандзе на тэлефоне. У нашым выпадку яна была ў Максіма.

Людзі прыехалі з многіх гарадоў

Перад выхадам мы паспелі пазнаёміцца з некаторымі валанцёрамі. Геаграфія іх прыезду была шырокая: Пінск, Баранавічы, Кобрын, Брэст, Ляхавічы. Усяго, разам з МНС, каля 45 чалавек.

Як шукалі зніклую жанчыну ў лесе ў Пінскім раёне

Шмат з валанцёраў маюць даволі вялікі “стаж” пошукаў людзей. Для прыкладу Антон па мянушцы Ліс і Лысы з Кобрына ездзіць па ўсёй Беларусі, каб знаходзіць людзей. Ён спрактыкаваны вышуквальнік і мае вялікую практыку. Сам, па яго словах, неаднойчы знаходзіў зніклых людзей, як жывых, так і ўжо памерлых.

—Знаходзіць людзей — справа складаная, бо патрабуе шмат нерваў. Бывае, што чалавек знаходзіцца, а ён ужо мярцвяк. Такая сустрэча ў начным лесе можа нашкодзіць псіхіцы непадрыхтаванага валанцёра. Таму, калі ідзеш на пошукі, трэба сабе ўсвядоміць, куды ты прыйшоў і навошта, — кажа Ліс.

Разам з Максімам Амельяновічам мы патрапілі ў адну групу да Толіка з Брэста, якога прызначылі быць старэйшым. Толя з 2015 года займаецца пошукамі людзей. У жыцці ён працуе грузчыкам ў магазіне “Тры цаны”.

У вольны час валанцёрыць не толькі такім чынам, але быў і валанцёрам падчас паслявыбарчых мітынгаў у Брэсце. Ён падносіў пратэстоўцам ваду, збіраў смецце, дапамагаў параненым… Толя негаворкі, але вельмі прыязны чалавек, які ведае, што такое дапамагчы чалавеку ў патрэбе.

Пошукі

Напачатку было халаднавата. Але зайшоўшы ў лес і пачаўшы рухацца, хутка робіцца горача. Наша каманда з трох чалавек называлася “Зара 8”. Адзінае чым мы адрознівалісь ад іншых — гэта лічба.

Як шукалі зніклую жанчыну ў лесе ў Пінскім раёне

Усё, што мы ведалі пра зніклую жанчыну было тое, што яна 1955 года нараджэння, завуць Валянціна. Яна з’яўляецца інвалідам 1 групы па зроку. І ў яе не было з сабой мабільнага тэлефона.

Падвяло прыехаўшых з Ганцавічаў — адсутнасць добрага абутку. Ва ўсіх, хто быў на месцы, акрамя нас, на нагах былі берцы, якія дадаткова абмотваліся спецыяльным чырвоным скотчам для таго, каб пад штаны не залезлі нечаканыя маленькія жыхары лесу. У нас з Максімам былі красоўкі, якія крыху падмоклі на балоцістай лясной глебе.

Стаяла ноч. Ціхая і зорная. Уключыўшы ліхтары і рацыі мы ўвайшлі ў лес. Хадзілі па сваіх квадратах, перагаворваліся па рацыях, слухалі і крычалі ў цемру імя зніклай “ВАЛЯ”.

Перасоўванне нашай групы ў квадраце напалохала нейкага ляснога звера. Хутчэй за ўсё, што гэта быў лось. Звер пачуўшы нашу хаду і крыкі, ламануўся з вялікім трэскам праз хмызнякі далей ў цемру. Наступнай напалоханай была сава, якая падскочыла на дрэве, ўбачыўшы свет ліхтара. Яна моцна замахала крыламі і нарабіла неверагодны вэрхал пакуль узляцела і пакінула месца свайго адпачынку.

Перасоўвацца па лесе заміналі балоцістыя ўчасткі і калючы кусты, якія прабівалі спартыўныя штаны і рабілі драпіны на нагах. Гэта падштурхнула на думку, што для такіх шпацыроў патрэбны не толькі добры абутак, але і вопратка.

Як шукалі зніклую жанчыну ў лесе ў Пінскім раёне

Ішлі мы змейкай адзін за адным, свецячы ў розныя бакі. Дзе было магчыма, рухаліся ланцужком, каб зрабіць большы засяг мясцовасці. Было жаданне дапамагчы жанчыне выбрацца… Мы нават не ведалі ці жывая яна…

Крокі перабіваў гук рацыі. Вочы сканіравалі кожны метр убачанага. Вушы прыслухоўваліся да кожнага шоргату, калі мы спынялі хаду і слухалі цішыню. І так да дзвюх гадзін ночы мы прачосвалі свой кавалак лесу. Пасля выйшлі на дарогу.

Штаб

Пад’ехаўшы да палатачнага штаба, мы ўбачылі што там чакаюць вышуквальнікаў. На стале была гарачая вада, у тэрмасах кава, гарбата. На талерках ляжалі буцерброды. У вялікай каструлі ў багажніку адной з машын была звараная бульба з тушонкай. Гарачым харчаваннем удзельнікаў аперацыі забяспечылі нераўнадушныя людзі і валанцёры, а таксама Пінскі аддзел “Чырвонага Крыжа”.

Увогуле штаб — гэта месца, дзе працуе інтэрнэт. Ёсць адпаведнае абсталяванне для пошукаў. Тут могуць даць таблетку. Калі трэба, то тут можна адпачыць, пасядзець і дапамагчы камандзе, якая займаецца палявой кухняй.

Гаспадары дома зніклай дазволілі, каб палатка стаяла ў іх на тэрыторыі. Акрамя гэтага яны падносілі ваду і ад іхняга дома штаб запітваўся электрычнасцю. Каардынатары былі гатовыя прымаць новых валанцёраў на замену тым, якія раніцай збіраліся паехаць на працу.

А пятай гадзіне раніца мы з Максімам прыехала ў Ганцавічы. Тры гадзіны сна і трэба на працу. Але пошукі каля вёсцы Ізін працягнуліся і на наступны дзень і ноч.

Знайшлася!

Трое сутак пажылога чалавека шукалі ратавальнікі і валанцёры пошукавага атрада «Анёл», МНС, супрацоўнікі міліцыі, Пінскі аддзел дэпартамента аховы са службовымі сабакамі, работнікі Пінскага лясгаса, мясцовыя жыхары. У пошуках таксама выкарыстоўваліся тры квадракоптары.

У суботу 12 верасня раніцай стала вядома, што пасля трох сутак пошукаў, жанчына выйшла ў вёску Кончыцы Пінскага раёна. Стан яе здароўя, як паведамілі сустрэўшыя Валянціну Юхнюк  людзі, быў здавальняючы. Толькі як яна трое сутак правяла ў лесе без запасу вады і ежы для мяне застаецца загадкай…

Але мы з Максімам узрадаваліся гэтай навіне і адчулі, што наша дапамога была патрэбнай, бо мы пакрылі некалькі квадратаў лесу. А галоўнае, дзякуй Богу, што Валянціна знайшлася жывой.

Як шукалі зніклую жанчыну ў лесе ў Пінскім раёне

Аб захаванні мер бяспекі ў лесе:

  • Ня адпраўляйцеся ў лес у адзіночку.
  • Карыстайцеся компасам, вывучыце асноўныя правілы арыентавання ў лесе.
  • Звяртайце ўвагу на ўмовы надвор’я — у пахмурнае надвор’е паход у лес лепш адкласці.
  • Апранайце зручную, непрамакальныя вопратку і абутак.
  • Вазьміце з сабой тэлефон, ваду, лекі, нож, запалкі.
  • Паведаміце сваякам або знаёмым пра меркаваны маршруце і часу вяртання, інфармуйце іх, калі маршрут змяніўся.
  • Перш чым паглыбіцца ў лес, звярніце ўвагу на сонца, запомніце з якога боку яно размешчана.
  • Калі сонца справа, то пры выхадзе ў тым жа кірунку з лесу трэба, каб яно апынулася злева.
  • Пры знаходжанні ў лесе звыш гадзіны з прычыны кручэння Зямлі сонца здаецца перасунуць управа.
  • Выходзячы з лесу па сонцы адхіляйцеся налева на 15 градусаў за кожную гадзіну знаходжання ў лесе.
  • Галоўнае — не панікуйце! Беражыце сябе і сваіх блізкіх!
Вверх