Паводле афіцыйнай статыстыкі, у Беларусі за рысай беднасці жывуць больш за 360 тысяч чалавек, што складае 3,9% насельніцтва. Горш за ўсё сітуацыя ў адным з усходніх рэгіёнаў краіны, але і ў Брэсцкай вобласці становішча не нашмат лепш.

Нацыянальны статыстычны камітэт апублікаваў вынікі выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак у Беларусі па ўзроўні жыцця ў чацвёртым квартале 2022 года.

Гаворка ідзе пра сярэднедушавы даход, які вылічаецца як агульны аб’ём даходаў грамадзян, падзелены на колькасць насельніцтва. Пры разліку даходаў на душу насельніцтва ўлічваецца ўсё насельніцтва, уключаючы беспрацоўных, пенсіянераў і непаўналетніх дзяцей.

Калі ўзяць колькасць насельніцтва Беларусі на пачатак 2022 года, калі яно складала 9 255 524 чалавекі (больш свежых дадзеных у краіне не публікавалі), то за рысай беднасці ў кастрычніку — снежні мінулага года было каля 361 тысячы чалавек.

У гэтых грамадзян сярэднедушавы даход ніжэйшы за бюджэт пражытачнага мінімуму, які цяпер складае 339 рублёў 83 капейкі (а да гэтага быў 328 рублёў 50 капеек).

 

Самы высокі ўзровень малазабяспечанасці быў у Магілёўскай вобласці-5,9%, недалёка сышла і Брэсцкая вобласць (5,6%), а ніжэй за ўсё гэта паказчык у Мінску (1,4%).

Дарэчы, цікава параўнаць і з 2021 годам, калі ў Брэсцкай вобласці налічвалася 1 мільён 338 тысячы 44 жыхары, а за рысай беднасці ў нашым рэгіёне было каля 81,6 тысячы чалавек (6,1% ад колькасці насельніцтва).

На праблему малазабяспечаных раней звярталі ўвагу афіцыйныя прафсаюзы. У Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі заяўлялі, што ў некаторых раёнах краіны сярэдні заробак не дазваляе насельніцтву здзейсніць пакупкі і аплаціць паслугі ў межах мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Вверх