Анатоль Галушка памёр у бальніцы ў Брэсце 12 снежня 2023 года ў 60-гадовым узросце. Яго рыхтавалі да аперацыі. Ён быў не толькі мастаком, але і эсэістам, паэтам. Вучыў нас бачыць прыгожае навокал і ніколі не здавацца.

Анатоль Галушка нарадзіўся 20 лютага 1963 года ў вёсцы Магіліцы Івацэвіцкага раёну. Там ён і жыў усё жыццё. У 17-гадовым узросце здарылася трагедыя – Анатоль няўдала скочыў у раку і пашкодзіў спіну. З таго часу быў паралізаваны, прыкуты да ложку.

Нягледзячы на гэта, ён паказваў прыклад, што нельга здавацца нават у такой сітуацыі. Ён стаў пісаць вершы, а да таго ж і маляваць карціны зубамі. На сваіх карцінах найперш адлюстроўваў прыгажосць беларускай прыроды. Яго творы набывалі ў калекцыі як Беларусі, так і замежжа.

«Трэба не здавацца, нешта рабіць», – казаў ён нам падчас інтэрвію ў 2017 годзе. Захоўваў аптымізм і працягваў маляваць ён і падчас нашага візіту да яго ў 2023 годзе.

Анатоль Галушка быў ганаровым грамадзянінам Івацэвіцкага раёну, членам Саюзу пісьменнікаў, Сусветнай арганізацыі мастакоў, якія малююць зубамі і нагамі. Яго няпростае жыццё было напоўнена творчасцю і аптымізмам.

Спачуванні родным Анатоля і ўсім, хто яго ведаў.

Вверх