Беларускі паэт Аляксей Пятровіч Галаскок памёр 22 снежня 2023 года ў бальніцы ў 74 гадовым ўзросце. Ён жыў у Ганцавічах Брэсцкай вобласці, дзе яго добра ведаюць і паважаюць. Але самабытная творчаць паэта многім вядома і па за межамі раёна. Сваімі вершамі Галаскок заваяваў сэрцы тысяч аматараў паэзіі і яго пранікнёныя радкі нават ляглі ў аснову некаторых песень.

Аляксей Галаскок пакінуў у беларускай гісторыі і нашчадкам зборнікі ўнікальных і непаўторных вершаў, пранікнёных любоў да роднага краю.

Вялікі ўклад ён унёс ў захаванне беларускай мовы, дапамагаў мясцовым паэтам, расказваў дзеткам, чаму трэба шанавать родную мову.

Яскравы, нераўнадушны і неардынарны чалавек са сваім стрыжнем – такім ён запомніцца людзям. А творы Аляксея Галаскока на вякі застануцца ў гісторыі беларускага народа.

Не верыцца, што Аляксей Пятровіч ўжо не сустрэнецца на вуліцах горада Ганцавічы, не пажартуе, як заўсёды і  не спытае пра надзённыя справы. Аляксей Галаскок вітаўся са ўсімі і цікавіўся не толькі паэзіяй. Вельмі любіў родную прыроду, грыбы ды рыбалку, знаходзіў агульную тэму для размовы як са старымі, так і з малымі.

памёр Аляксей Галаскок
Паэт Аляксей Галаскок жыў у Ганцавічах Брэсцкай вобласці, але яго добра ведаюць і за межамі раёна.

Паміраюць тыя, хто адыходзіць у небыццё і пра каго не ўзгадваюць людзі. Паэты не паміраюць. Таму ў вершаваных радках хочацца запярэчыць міразданню і сканчэнню чалавечага фізічнага жыцця.

Паэты, адыходзячы з жыцця, не паміраюць,
Не пакідаюць блізкіх і сяброў,
Бо сэрца словы творчасці кранаюць,
Як вершы Галаскока зноў і зноў.

Пятровіч шанаваў свой край любімы
Нашчадкам на вякі даў настаўленні.
Сапраўдны беларус і патрыёт Радзімы –
Такім запомняць Галаскока пакаленні.

З радкоў біяграфіі паэта

Аляксей Галаскок нарадзіўся 6 чэрвеня 1949 годзе ў вёсцы Талалайкі, што на Гродзеншчыне. Бацька працаваў маляром, маці – швачкай. Ён малодшы сын у сям’і, да яго ў бацькоў нарадзіліся дзве дачкі – Ганна і Марыя. Калі хлопчыку споўнілася два гады, бацькі пераехалі жыць ў раённы цэнтр, у Зэльву. Там жа Аляксей пайшоў у школу, якую скончыў у 1966 годзе.

Вучыўся Аляксей няблага і без асаблівых цяжкасцяў пасля школы паступіў у Рыжскае вышэйшае камандна-інжынернае Чырвоназнамённае вучылішча імя маршала Савецкага Саюза  Бірузова. На яго выбар паўплывала тое, што дзве старэйшыя сястры ўжо вучыліся на медыкаў у Гродна, і бацькі проста не змаглі б “выцягнуць” яшчэ адного студэнта. А курсантаў ваенных вучілішчаў, як вядома, апраналі ў форму і абувалі…

Пасля заканчэння вучылішча ў 1971 годзе лейтэнанта Аляксея Галаскока накіравалі служыць у Навасібірск у ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння. Служыў да 1988 года.

У апошнія гады службы А. П. Галаскок камандаваў ракетным дывізіёнам, удзельнічаў у буйных вучэннях, за што неаднаразова атрымліваў падзякі ад Галоўнакамандуючага ракетнымі войскамі. Узнагароджаны ордэнам «За службу Родине в Вооруженных Силах СССР» III ступені, дзевяццю медалямі.

На спецыяльных вучэннях, выконваючы вучэбна-баявы пуск ракеты, падраздяленне, якім камандаваў Аляксей Галаскок, паказала выдатныя вынікі. Аб гэтым напісалі ў газеце “Чырвоная зорка” 19 лістапада 1985 года ў артыкуле “На варце міра і працы”.

У 1988–1991 гг. А. П. Галаскок выкладаў ваенныя дысцыпліны ў Рыжскім вышэйшым ваенна-палітычным вучылішчы імя С. С. Бірузова, якое ў 1992 г. было расфарміравана.

Аляксей галаскок
Паэт Аляксей Галаскок часта выступаў на мерапрыемствах Ганцаўшчыны.

Ганцаўшчына стала малой радзімай

Звольніўся са службы ў запас у званні падпалкоўніка і разам з сям’ёй пераехаў на радзімужонкі ў горад Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Ларыса Іванаўна Галаскок па прафесіі ўрач-неўрапатолаг і ёй прапанавалі працу ў родным райцэнтры. Як казаў Аляксей Пятровіч,  палескі край край яму таксама спадабаўся яшчэ тады, калі маладыя гулялі вяселле ў вёсцы Нача.

З жонкай, Ларысай Іванаўнаў, Аляксей пазнаёміўся ў 1970 годзе. Яна вучылася ў Гродзенскім медыцынскім інстытуце і жыла ў адным пакоі з роднай сястрой Аляксея Пятровіча. Пад час сустрэч Аляксей паабяцаў, што ажэніцца. Слова свае стрымаў: вярнуўся праз пяць гадоў і ажаніўся.

У маладых нарадзіліся двое дзяцей. Дачка Алеся не паехала далека ад бацькоў, працуе ў Ганцавічах, у сярэдняй школе №1 псіхолагам. Сын Іван жыве і працуе ў Брэсце ўрачом-псіхіятрам.

Дзеці не выбралі бацькаву прафесію, а матчына — прыйшлася даспадобы. Бацька не крыўдаваў, а паважаў выбар дзяцей і вельмі радаваўся, што яны падаравалі яму трох унукаў – Кацярыну, Святлану і Данілку.

У Ганцавіцкім раёне Аляксей Пятровіч працаваў на розных прадпрыемствах райцэнтра. Нейкі час быў старшынёй раённага ТВВАД (таварыстава выратавання на вадзе). Займаў пасады на прадпрыемстве КПД – майстрам і загадчыкам аддзела прамысловай вытворчасці, на ПМК-7 – у аддзеле маркетынга. У раённым цэнтры дзіцяча-юнацкай творчасці вёў гурток юных паэтаў “Верасок”. У раённай газеце “Ганцавіцкі час” вёў літаратурную старонку “Пралеска”.

паэт Галаскок
Паэт Аляксей Галаскок у 2019 годзе адзначыў 70-гадовы юбілей.

Паэзія і творчасть Аляксея Галаскока

Грамадскай працы Аляксей Пятровіч не пакідаў і заўсёды быў жаданым госцем на святах у школах, бібліятэках, у Доме культуры, дзе заўсёды прапагандаваў беларускую мову. У верасні 2007 г. Аляксей Галаскок быў прыняты ў Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Пісаць вершы паэт пачаў з 14 гадоў. Напачатку гэта былі творы на рускай мове, таму ён паказваў сваёй настаўніцы рускай мовы і літаратуры Таісіі Іванаўне Лагуновай. Будучы ў ваенным вучылішчы у вольны час афіцэр Аляксей Галаскок прадаўжаў вершаваць радкі. Яго вершы друкавалі ў армейскіх газетах і яны мелі поспех у саслужыўцаў.

Але ці то карані продкаў-беларусаў, ці то ўплыў вядомай яго зямлячкі-паэтэсы Ларысы Геніюш, якая яшчэ ў дзяцінстве заахвочвала юнака пісаць вершы на мілагучнай беларускай мове, унеслі паварот у яго творчую дзейнасць, і большасць вершаў Аляксей Пятровіч стаў пісаць на роднай мове.

“А як жа інакш? Я ж беларус, — казаў Аляксей Галаскок. – Мяне часта пытаюць, чаму на беларускай? А я адказваю, што такое народ? Гэта, па-першае, тэррыторыя краіны, дзе ён жыве, а па-другое, мова, на якой ён размаўляе. Калі мы не будзем размаўляць на роднай мове, не будзем пісаць, то не будзе і нашага народа, не будзе беларусаў”.

На гэтую тэму ёсць верш “У пакутах канае мова”.

“Не раз размову з хат гналі,
За ёй зачынялі дзверы.
З каленяў яна ўставала –
Неўміручая, як і вера”.

Зачастую вершы ў паэта з’яўляліся знянацку. Натхненне прыходзіла нечакана. Вось днойчы, па словах паэта, ішоў ён па вуліцы ў вёсцы Любашава і ўбачыў пакрыўленую нахіленую хацінку, у якой свяціліся вокны. І тут у паэта нарадзіўся верш “Чужая маці”.

“Зжаўцелыя фіранкі на акне
У згорбленай, счарнелай хаце.
Так хочацца зайсці ў адведкі мне
Неспадзявана да чужое маці.
Не церпіцца ў старэнькай папытаць,
Жывецца як, дзяцей ці часта бачыць”.

Аляксей Галаскок
З 70-гадовым юбілеем у 2019 годзе паэта Аляксея Галаскока віншавала цешча.

Яго вершы друкавалі ў мясцовай прэсе, а таксама ў абласной і рэспубліканскай. Напрыклад, у “Зары”, “Звяздзе”, “Народнай трыбуне”, у “ЛіМе”, сямейным часопісе “Гаспадыня”, у сатырычным часопісе “Вожык”  і шмат іншых. Яго вершы ўвайшлі ў склад кнігі “Паміж Бобрыкам і Ланню”, калектыўны зборнік вершаў “Зоры над Зальвянкай”.

Першы асабісты зборнік вершаў «У жыццi для мяне ўсе не проста» Аляксей Пятровіч выдаў у 2003 г. пры дапамозе Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Ф. Праскурава. Ён аўтар зборнікаў паэзіі: «He шкадуюць мяне мае вершы» (2005), «Я шчаслівы…» (2007), «Беларусь мая родная, мілая…» (2010), «Суд над сарокай» (2010), «З вясёлай торбы» (2017), «Гаманлівы ручаёк» (2017), «Асенняя бліскавіца» (2017).

Аляксей Галаскок
Аляксей Галаскок любіў адпачываць на рыбалцы і потым сам гатаваў з рыбы прысмакі.

Вершы Аляксея Галаскока разнастайныя, рознай тэматыкі, на любы густ. Тут можна знайсці творы і пра людзей, і пра прыроду, пра звяроў і птушак, пра радзіму, пра Ганцаўшчыну. Шмат у паэта гумарыстычных вершаў і вершаў пра каханне.

Як казаў сам паэт, галоўная “муза” яго твораў –  жонка Ларыса. Ей прысвечаны верш “Жонцы”.

…Пройдзе свята – усе знікнуць, як цені,
Бо і сонца плыве за гару,
Усё прабач, на твае калені
Мне дазволь палажыць галаву.

Быццам развітальная песня паэта гучаць наступныя вершы  “Жыві ў Беларусі”.

”Век дажываю і не рвуся
Шукаць мне незнаёмы рай.
Мой дзед казаў: “Жыві ў Беларусі.
Дзе нарадзіўся , там і памірай”.

У вершы “На Радзіме” паэт быццам прадказаў развітанне ўзімку.

“У свеце ёсць многа краін
Дзіўнейшых, цяплейшых, багатых.
А я, шляхам стомлены сын,
Вярнуўся ў бацькоўскую хату.
Адсуль хай душа адляціць
Да зорак пад плач завірухі.
Зямля, дзе пашчасціла жыць,
Будзь мне дываном, будзь і пухам”.

Цяжка паверыць, што пайшоў з жыцця выдатны паэт, цікавы і жартаўлівы чалавек Аляксей Галаскок. Але яго вершы на роднай мове, пранікнёныя любоўю да радзімы і да кожнай істоты на зямлі, застаюцца з намі назаўсёды.

Спачуванні родным Аляксея Галаскока і ўсім, хто яго ведае.

Памёр івацэвіцкі мастак, які маляваў зубамі.

Вверх