Музей-хату палешука ствараюць у заказніку ў Брэсцкай вобласці. Такі аўтэнтычны дом знайшлі ў адной з вёсак паблізу гарадскога пасёлка Целяханы. Хату акуратна перавезлі і ўсталявалі на востраве на экалагічнай сцежцы ў заказніку рэспубліканскага значэння “Выганашчанскае”.
“Дом старажытны, яшчэ сечаны сякерай, а не пілаваны. Цяпер напаўняем яго рэчамі, каб паказаць жыццё палешуку стогадовай даўніны», — распавёў БЕЛТА дырэктар заказніка Сяргей Габец.
Ён звярнуў увагу, што такое месца для размяшчэння музея выбралі таму, што раней жыхары Палесся сяліліся на выспах.
Спецыялісты спрабуюць прадэманстраваць побыт палешукоў: якімі рамёствамі і промысламі яны займаліся. У тым ліку будуць выкарыстоўвацца архіўныя фотаздымкі. Рэалізацыю праекта пачалі сёлета і зараз ідзе падбор экспанатаў. Плануецца, што ў 2024 годзе турысты змогуць пабачыць новы інфраструктурны аб’ект.
Плошча заказніка “Выганашчанскае” складае 55 тысяч гектараў. На яго тэрыторыі разнастайны ландшафт: размешчаны рэкі, азёры, шмат верхавых, пераходных і нізінных балот. Таксама добраўпарадкавана экалагічная сцежка з чатырма пешаходнымі маршрутамі. Атрымаць асалоду ад унікальнай прыроды можна, скарыстаўшыся воднымі маршрутамі. Сярод неабсяжных водных абшараў размешчана каля сотні некранутых выспаў.
Багаты гэты край і гістарычнымі аб’ектамі. У прыватнасці, па тэрыторыі заказніка праходзіць Агінскі канал. У час Першай сусветнай вайны тут праходзіла лінія фронту. Гэтыя мясціны захоўваюць і сляды трагічных падзей Другой сусветнай вайны. Акрамя таго, на беразе Бабровіцкага возера археолагі знайшлі стаянку старажытных людзей (Каменнага стагоддзя).
У цэлым у Брэсцкай вобласці маюць намер ў большай ступені папулярызаваць турызм на Палессі. Гэта робіцца, каб прыцягнуць большую ўвагу да гэтага непаўторнага краю.
История памятника Лили Нелюбович-Тукальской на пинском кладбище