24 кастрычніка 2025, напрыканцы святой Імшы з абрадам пасвячэння касцёла святога Бэнэдыкта ў Пінску, у святыню завітаў спецыяльны прадстаўнік Папы Льва XIV кардынал Клаўдыё Гуджэроці. Ён напярэдадні прыбыў у Мінск для ўдзелу ў галоўных ўрачыстасцях 100-годдзя Пінскай дыяцэзіі.

Вітаючы прысутных, кардынал Клаўдыё Гуджэроці прызнаўся, што яго да іх прыслаў Папа Рымскі Леў XIV, і дадаў:

«Для мяне гэта вельмі кранальна — быць тут, у Беларусі. Цудоўная зямля і вельмі добры народ. Я адчуваю сябе, як дома».

Далей прадстаўнік Святога Айца звярнуўся з прывітальным словам да беларускіх іерархаў і падкрэсліў, што мае «вельмі цёплыя ўспаміны» з часу, калі ён быў Апостальскім нунцыем у Беларусі (2011-2015).

Кардынал Гуджэроці звярнуў увагу, што Пінская дыяцэзія адыграла вялікую ролю ў гісторыі Касцёла ў Беларусі. Высокі госць звярнуўся да вернікаў:

«Мне вельмі важна паглядзець вам у вочы, каб даць вам адчуць, як моцна вас любіць Папа, наколькі Каталіцкі Касцёл сёння ганарыцца вамі і каб дазволіць вам адчуць сэрца Касцёла, якое б’ецца ва ўсім свеце», — так акрэсліў сваю місію іерарх.

Ён прывітаў таксама Апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, падкрэсліўшы, што гэта сталы прадстаўнік Святога Айца ў краіне, і папрасіў: “Я прашу вас памаліцца за Папу. Ён сказаў мне, што ён вучыцца выконваць сваю новую “працу” і просіць вашай дапамогі, каб гэта выканаць добра (…), бо Папам быць у цяперашнім свеце нялёгка”.

Кардынал Гуджэроці павіншаваў удзельнікаў урачыстасці са святам і як спецыяльны прадстаўнік Льва XIV удзяліў ім апостальскае благаслаўленне.

Пра новы касцёл

Біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка прывітаў высокапастаўленага госця, нагадваючы, што святыня, якую ён наведаў, звязана з дзейнасцю бэнэдыктынаў у Гарадзішчы.

«У 1662 годзе бэнэдыктыны збудавалі прыгожы касцёл. Сваім хараством і веліччу гэты храм не саступаў нашай катэдры. На працягу стагоддзяў манахі згодна з дэвізам заснавальніка, св. Бэнэдыкта з Нурсіі — “Маліся, працуй і нясі людзям надзею”, — перадавалі багацце сваёй духоўнасці палешукам. Святы Бэнэдыкт з’яўляецца пачынальнікам манаскага жыцця Касцёла лацінскага абраду, апекуном Еўропы

І хоць у 1944 годзе, падчас Другой сусветнай вайны, гітлераўцы ўзарвалі касцёл у Гарадзішчы і знішчылі шматвяковую спадчыну, якая пакаленнямі веруючых захоўвалася ў творах сакральнага мастацтва і архітэктуры, на памяць аб страчанай спадчыне пінчукі збудавалі касцёл пад іменем святога Бэнэдыкта.

Гэтая будоўля з’яўляецца не толькі памяццю пра мінулае, але і выразам патрэбы сучаснага грамадства ў святыні», — адзначыў пінскі ардынарый, перадае catholic.by.

Касцёл святога Бэнэдыкта ў Пінску
Касцёл святога Бэнэдыкта ў Пінску

Глядзіце яшчэ:

Посланник Папы Римского приехал на празднование 100-летия Пинской епархии

Вверх