Першым абрадам сталася ўнясенне ў старадаўнюю катэдральную святыню рэліквій святога мучаніка Андрэя Баболі, прывезеных з дыяцэзіяльнага санктуарыя святога ў Іванаве.
Каля ўваходу ў катэдральны касцёл кардынала Клаўдыё Гуджэроці ў вершаванай форме прывіталі наймалодшыя вернікі разам са старэйшымі, якія трымалі ў руках духмяны каравай. Прыбылага пасланніка Папы напачатку прывітаў біскуп Пінскі Антоній Дзям’янка. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што горад Пінск багаты сваёй гісторыяй і касцёльнай традыцыяй.

На самым пачатку святой Імшы быў прачытаны Ліст Папы Льва XIV, які ён скіраваў да кардынала Клаўдыё Гуджэроці. Гамілію прамовіў сам пасланнік Папы, распачынаючы яе так, як Леў XIV пасля свайго абрання біскупам Рыма: «Найдаражэйшыя, супакой няхай будзе з вамі!»
Што казаў пасланнік Папы
Звяртаючыся да прадстаўнікоў дзяржаўнай улады, прысутных на ўрачыстасці, кардынал, пералічваючы найлепшыя якасці беларускага народа, заклікаў іх:
«Шукайце любові, шукайце дабра ў гэтым свеце, шукайце еднасці і любові ў гэтым народзе. Вы народ ціхі, спакойны, і ў гэтым вашая сіла. Вы пакорныя, сціплыя, працавітыя, і людзі па-за Беларуссю любяць вас такімі, якімі вы ёсць. Вы шчырыя, праўдзівыя і адкрытыя. Дапамагайце гэтаму народу развіваць гэтыя ягоныя найлепшыя якасці», — папрасіў іерарх.
Заглядваючы ўглыб гісторыі мясцовага Касцёла, ён са смуткам адзначыў, што на гэтай зямлі мелі месца факты гвалтоўнага насаджэння іншай рэлігіі ці атэізму. У якасці прыкладу прамоўца прывёў святога Андрэя Баболю, заступніка Пінскай дыяцэзіі, які аддаў жыццё, забіты казакамі. Наступны факт, прыведзены кардыналам Гуджэроці, — падчас Другой сусветнай вайны быў забіты кожны чацвёрты святар Пінскай дыяцэзіі. Пасля гэтага дыяцэзія была падзелена дзяржаўнымі межамі, і святар — ксёндз інфулат Вацлаў Пянткоўскі — кіраваў часткай дыяцэзіі, якая засталася ў СССР, і нават стварыў падпольную семінарыю.
Пасля ўспаміну аб руплівым святары, які служыў у нялёгкія для каталіцкай веры часы, наступны зварот прадстаўніка Святога Айца быў да святароў: «Вы павінны ганарыцца вашай тоеснасцю, асаблівасцю, але таксама быць вернымі пакліканню». Пра гэта казаў Папа Леў XIV, звяртаючыся да святароў.
«Ваш народ мае патрэбу ў вашым чыстым, айцоўскім, бескарыслівым сэрцы, якое любіць Бога і якое любіць Бог», — гэтыя словы кардынала прагучалі як духоўны запавет у адрас духоўных асоб.

Спецпасланнік Льва XIV выказаў радасць, што дыяцэзія мае 3-х семінарыстаў. Ён заахвоціў святароў даць ім добры прыклад, каб яны не адчувалі сябе пакінутымі і самотнымі, а біскупаў — аказаць ім бацькоўскае, любячае сэрца. «Калі мы не будзем так рабіць, мы будзем падобныя да Юды Іскарыёта», — папярэдзіў іерарх.
«Тут, у Беларусі, у вашай краіне, будзем жа глядзець на веру»
Трэці свой заклік кардынал Клаўдыё Гуджэроці скіраваў да ўсіх беларусаў:
«Будзьма разам усе мы, якія з’яўляемся паслядоўнікамі і вучнямі Хрыста. Будзем жа працаваць разам, каб Касцёлы і Цэрквы, аб’яднаныя, разам стваралі лепшую будучыню».

Абапіраючы далейшае разважанне на словах з Паслання да Рымлянаў, дзе апостал Павел кажа, што мы сталіся Божымі дзецьмі, прамоўца растлумачыў, што апостал так казаў, таму што большасць з тых, хто слухаў Паўла, была не дзецьмі, але нявольнікамі. Кардынал звярнуў увагу, што існуе розніца паміж дзіцем і нявольнікам. Для веруючых яна праяўляецца ў тым, што Езус, калі прыйшоў на зямлю, вырваў іх з няволі граху, дзякуючы чаму яны сталіся спадкаемцамі вечнага жыцця.
«Нас цікавіць вечнасць, бо ў моманце смерці праяўляецца розніца паміж веруючым і няверуючым: “або чарвякі ў зямлі, або будучыня”», — сцвердзіў іерарх, прывёўшы слухачам італьянскую прымаўку, і нагадаў, што «мы атрымалі дар веры ў жыццё вечнае».
«Ачысцімся ж, станьма чыстымі, каб быць моцнымі пілігрымамі, якія здолеюць пераадолець усе цяжкасці дарогі», — гэта быў чарговы заклік кардынала, цяпер ужо да ўсіх веруючых.
«Таму тут, у Беларусі, у вашай краіне, будзем жа глядзець на веру, каб адкрыць сэнс надзеі, (…) каб у ёй працягваць любіць вашу зямлю, такую прыгожую», — заклікаў ён удзельнікаў урачыстасцяў.
Напрыканцы гаміліі кардынал Гуджэроці запэўніў прысутных: «Папа благаслаўляе вас усіх, мае дарагія, кожнага з вас»: сем’і, дзяцей, асабліва моладзь, з якой Святы Айцец звязвае асаблівую надзею. «Вельмі няпроста быць Папам з Амерыкі», — прызнаўся іерарх і папрасіў падтрымаць Пантыфіка малітвай.
Прадстаўнік Папы Льва XIV завяршыў сваю гамілію словамі: «Абдымаю вас усіх і кожнага паасобку, (…) каб праз гэтыя абдымкі вы адчулі цеплыню і блізкасць Святога Айца і дасягнулі Нябеснага Валадарства», перадае catholic.by.
Глядзіце яшчэ:
Посланник Папы Римского приехал на празднование 100-летия Пинской епархии
