Фрагменты фундамента будынка часоў Льва Сапегі знайшлі археолагі ў пасёлку Ружаны Брэсцкай вобласці. Некалькі стагоддзяў таму гэтым местам валодалі магнаты Сапегі, якія пабудавалі тут замак, а потым палац. І вось, новая знаходка, паведаміла прэсе дырэктар Ружанскага палацавага комплекса Алена Кубарка.

“У дадзены момант ідзе чарговы этап рэстаўрацыі нашага комплекса. Ён у першую чаргу звязаны з падвядзеннем камунікацый да тэатральнага корпуса і для дальнешага тэхнічнага абслугоўвання комплекса. У адзін з дзён будаўнікі выявілі фрагменты фундамента будынка. Калі прыехалі археолагі, яны вывучылі цагляную кладку і прыйшлі да высновы, што, хутчэй за ўсё, гэта фрагменты будынкаў, якія існавалі ў маёнтку Льва Сапегі. Гэта значыць, яны былі пабудаваныя побач з замкам”, — сказала Алена Кубарка.

Фрагменты будынка ў Ружанах
Фрагменты старажытнага будынка знайшлі ў Ружанах

Абарончы замак у Ружанах у 1602 годзе пачаў узводзіць Леў Сапега. Ён да нашых дзён не захаваўся, на яго месцы быў пабудаваны палац. Але, да нашых дзён дайшлі звесткі, што побач з ім былі яшчэ тры дамы – вялікі, малы і сярэдні.

“Хутчэй за ўсё, знашлі фрагменты гэтых будынкаў, — дапускае дыржктар Ружанскага палаца. – Гэта ўнікальная знаходка. Па сутнасці, да гэтага моманту мы не ведалі, дзе менавіта знаходзіўся маёнтак, што ўваходзіла ў яго склад, яго межы. Ведалі, што галоўны корпус палаца стаіць на месцы абарончага замка, і ўсё. Гэтая знаходка дае нам ўяўленне, наколькі вялікім был маёнтак. Даследаванні могуць паказаць, што гэта былі за будынкі. Хутчэй за ўсё, гэтая раскопка даказвае, што Ружаны ў асноўным размяшчаліся каля падножжа замка”.

Рэстаўрацыя Ружанскага палаца пачалася ў 2008 годзе. З тых часоў адноўлена брама і бакавыя флігелі, дзе цяпер музей. Рэстаўравалі паўночна-усходнюю аркаду. Завершана праца па рэстаўрацыі двухпавярховага Усходняга (тэатральнага) корпуса. Там мяркуюць зрабіць музей, яго фонды, залю, гасцініцу і кавярню.

Галоўны корпус палаца
Галоўны корпус палаца

Леў Сапега быў важным дзеячам, які займаў высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім. Быў канцлерам і вялікім гетманам. Адзін з самых багатых і ўплывовых магнатаў княства быў вядомы яшчэ і як мецэнат.

Выява Льва Сапегі каля палаца
Выява Льва Сапегі каля палаца

Комментарии закрыты.

Вверх