Украінка Алена звярнулася да беларусаў у Threads з незвычайным пытаннем. Яна расказала, што яе дзядуля паходзіў з Магілёўскай вобласці, і папрасіла дапамагчы зразумець старую сямейную прыказку, якую чула ад родных, але доўгі час не магла растлумачыць.
Пост хутка ператварыўся ў жывое абмеркаванне беларускай мовы, рэгіянальных выразаў, сямейных традыцый і таго, як у некалькіх словах можа захоўвацца цэлая гісторыя роду.
Алена напісала:
«Білоруси, питання з України. Мій дід народився у Білорусі (Магілёўская вобласць, Дрыбінскі раён). Прадід — Адам Кузьменков жив на хуторі біля села Добрае (ймовірно, 1890 роки). Його дружина, мама мого діда, Хадосся — була з багатодітної родини. За спогадами родичів, тато Хадоссі часто казав їй: “Бацькоўскую дачку пазнаюць і ў андрачку”. Чи хтось може пояснити, що це означало? Дуже цікаво».
У каментарыях беларусы пачалі прапаноўваць свае тлумачэнні. Найперш звярнулі ўвагу на слова «андарак» — гэта спадніца з грубай тканіны, частка традыцыйнага жаночага строю, якая ў XIX стагоддзі была распаўсюджаная ў беларускіх вёсках.
Адзін з карыстальнікаў патлумачыў, што ў гэтай прыказцы «андарак» можа азначаць простае, нават беднае або працоўнае адзенне. Але сэнс выразу, на яго думку, не ў самой вопратцы, а ў тым, што чалавека, выхаванага ў любові і годнасці, пазнаюць у любых абставінах.
Іншыя ўдзельнікі дыскусіі ўбачылі ў прыказцы вельмі цёплы сямейны сэнс. Паводле аднаго з тлумачэнняў, «бацькоўская дачка» — гэта не проста дачка свайго бацькі, а дзяўчына, якую бацька любіў, бярог і гадаваў з клопатам. Таму яе ўпэўненасць, годнасць і ўнутраная сіла будуць бачныя нават тады, калі яна апранута вельмі сціпла.
Некаторыя каментатары пісалі, што выраз можна разумець як камплімент выхаванню, характару і «пародзе» — у добрым, традыцыйным сэнсе гэтага слова. Маўляў, чалавека з добрай сям’і, з добрымі манерамі і ўнутранай культурай відаць здалёк, незалежна ад адзення.
Галоўнае – не выгляд
У абмеркаванні таксама згадалі падобныя варыянты прыказкі. Напрыклад: «Пазнаюць нашую дачку і ў андарачку» або «Пазнаюць нашу дачку і ў анрачку, не пазнаюць, дык запытаюць». Усе гэтыя варыянты зводзяцца да адной думкі: галоўнае ў чалавеку — не знешні выгляд, а асоба, паходжанне, выхаванне і тое, што чалавек нясе ў сабе.
Асобна ўдзельнікі дыскусіі адзначылі, што андарак быў не проста адзеннем. У традыцыйнай культуры ён мог указваць на мясцовасць, з якой паходзіць жанчына. Крой, колеры і ўзоры спадніцы часта мелі рэгіянальныя асаблівасці, таму вопратка магла працаваць амаль як «пашпарт» — па ёй можна было пазнаць, адкуль чалавек.
Адна з каментатарак падкрэсліла, што назва «андарак» доўга захоўвалася менавіта на Магілёўшчыне. Паводле яе, сэнс прыказкі можа быць не толькі ў тым, што гаворка ідзе пра «любімую татаву дачку», але і пра прыналежнасць да свайго роду, сваёй мясцовасці, сваёй сямейнай традыцыі.
Сама Алена пазней дадала, што пакуль ведае пра сваіх родных галоўным чынам з сямейных успамінаў. Яна расказала:
«Мій дід Петро Адамович. От власне намагаюся дізнатися, чи були у нього брати та сестри. Думаю, що повинні були бути, тоді багато народжували».
Гісторыя выклікала такі водгук, бо для многіх беларусаў яна аказалася не проста пытаннем пра адно старое слова. Старая прыказка з Дрыбінскага раёна прагучала так сучасна: чалавека, якога выгадавалі ў любові і годнасці, сапраўды пазнаюць — нават «у андрачку».
Загалоўнае фота — Андарак з в. Падліпцы Слуцкага павета. Канец XIX стагоддзя. Фота вікіпедыя

Комментарии закрыты.