У Мінску зноў паспрабавалі зрабіць беларускую мову часткай брэнда - і атрымалі шыльду, якую цяжка аднесці хоць да адной літаратурнай мовы.

Карыстальніца Threads Яна звярнула ўвагу на назву рэстарана на Партызанскім праспекце, 87 — «Белы гусь». Яе публікацыя набрала амаль 60 тысяч праглядаў і дзясяткі каментароў. Людзі пачалі высвятляць, на якой жа мове напісана назва.

Па-руску правільна — «белый гусь». Па-беларуску слова «гусь» жаночага роду, таму мусіла б быць «белая гусь». Калі ўладальнікі хацелі падкрэсліць, што гаворка ідзе пра самца, ёсць слова «гусак» — «белы гусак».

А вось «Белы гусь» атрымаўся моўным гібрыдам: беларускі прыметнік з граматычнай канструкцыяй, перанесенай з рускай мовы.

У каментарах гэта хутка назвалі трасянкай:

«Трасянка — адна з дзяржаўных моваў».

«На беларускай, але з памылкай. Павінна быць «Белая гусь», альбо «Белы гусак»».

«Судя по всему, 50/50. Первая часть на беларускай мове, вторая — на русском языке».

«Безграмотность — в массы! Это же так ново и свежо».

Але высветлілася, што для ўладальнікаў гэта нібыта не выпадковая памылка. Раней наведвальніца ўжо звяртала ўвагу адміністрацыі на назву. У рэстаране адказалі, што «Белы Гусь» — «такое теплое народное название, где переплелись привычки и языки, как это часто бывает в жизни». Паводле ўладальнікаў, атрымалася «немного по-хулигански, но зато от души и с характером».

Гучыць прыгожа, але фактычна памылку выдалі за творчую канцэпцыю. Маўляў, гэта не непісьменнасць, а такі асаблівы характар. Пры гэтым заўвагу зрабілі яшчэ некалькі месяцаў таму, аднак шыльду не выправілі.

«Да, косяк. Даже с точки маркетинга и вирабельности «Белая гусь» круче, но сейчас уже не исправишь десятки согласованных бумажек», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

Але нават калі назва ўжо трапіла ў дакументы, застаецца пытанне: хто ўзгадняў гэтыя «дзясяткі паперак» і чаму ніхто не праверыў усяго два словы?

Чаму з’яўляюцца такія моўныя памылкі

Гэтая гісторыя значна большая за адну няўдалую шыльду. Паводле Канстытуцыі, дзяржаўнымі мовамі ў Беларусі з’яўляюцца беларуская і руская. Роўны статус руская атрымала пасля рэферэндуму 1995 года: за гэта, паводле афіцыйных вынікаў, прагаласавалі 83,3% удзельнікаў.

Аднак юрыдычная роўнасць не стварыла роўных умоў. Руская мова дамінуе ў гарадах, дзяржаўным справаводстве, сферы паслуг, рэкламе, медыя і значнай частцы адукацыі. Беларуская ж часта застаецца мовай асобных шыльдаў, сувеніраў, назваў страў і маркетынгавых кампаній.

Паводле перапісу 2019 года, беларускую назвалі роднай 54,1% жыхароў краіны, але мовай хатніх зносін — толькі каля 26%. Белстат асобна збірае даныя пра родную мову і мову, якой людзі звычайна карыстаюцца дома.

Гэтая розніца і тлумачыць падобныя шыльды. Калі мовай не карыстаюцца штодня, яе перастаюць адчуваць. Чалавек можа ведаць беларускія словы, але спалучаць іх паводле рускай граматыкі. Так і з’яўляюцца «Белы гусь», «Бацькова хата» ды іншыя назвы, дзе беларуская патрэбная нібыта для нацыянальнага каларыту, але не патрабуе ні слоўніка, ні рэдактара.

Таму справа не толькі ў канкрэтным дызайнеры ці ўладальніку рэстарана. Памылка стала вынікам асяроддзя, у якім беларуская мова фармальна дзяржаўная, але фактычна мае значна менш прасторы. Калі руская неабходная для працы і побыту штодня, а беларуская — толькі каб прыгожа назваць кавярню, вынік прадказальны.

І ўсё ж адказнасць бізнесу ніхто не адмяняў. Калі беларуская мова выкарыстоўваецца дзеля іміджу і прыбытку, мінімум, што можна зрабіць, — адкрыць слоўнік або звярнуцца да карэктара.

Як лічыце: «Белы гусь» — бяскрыўдная гульня слоў ці вынік таго, што адна дзяржаўная мова ў Беларусі гадамі мае значна менш правоў і прасторы за другую?

Комментарии закрыты.

Вверх