Мы вырашылі заглянуць у Ружаны, каб не толькі падзівіцца з велічы шыкоўнага палаца 18 стагоддзя. Але паглядзець на іншы бок тутэйшага жыцця, ацаніць перспектывы мястэчка. Бо, наконт гэтага ёсць пытанні.
Справа ў тым, што адной з важных праблем Ружан сёння з’яўляецца дэмаграфія. У 1970-х тут было больш за 4 тысячы насельніцтва. У 2008 годзе, паводле дадзеных Белстату, тут жылі 3100 чалавек. На 2013 год былі нават дадзеныя аб росце, паводле колішняга дырэктара музея, у мястэчку жылі 3600 жыхароў. А ў студзені 2026 года, статыстыка паведамляе, што засталіся 2641 чалавек.
Куды прападаюць людзі?
Ружаны выглядаюць вельмі прывабна. Цэнтр гораду атрымаў цяперашні выгляд падчас падрыхтоўкі да “Дажынак” 2019 года.

Спыталіся мінакоў на вуліцах Ружан, куды прападаюць людзі з такога прыгожага мястэчка.
- “Паміраюць”.
- “Па гарадах… Вучацца, заканчваюць і раз’язджаюцца”.
- “Была праца, а цяпер працы людзям няма, то людзі і з’язджаюць”.
- “Людзям працы няма. Сёння на мэблевай фабрыцы можа чалавек 50, санаторый…”
- “Моладзь неяк болей у гарадах, але прыязджаюць сюды на лета”.
Пытаемся, а як жа ўтрымаць моладзь у Ружанах, што для іх тут ёсць? Не кожны мясцовы жыхар можа даць адказ. Адна жанчына прыгадала рэстаран ды клуб, як пункты, дзе можна бавіць час моладзі.

Канешне, гэта не ўсё, што ёсць тут для маладых людзей. Як распавяла мясцовая жанчына, у санаторыі ёсць спортзал па даступным цэнам. У кавярні праводзяцца інтэлектуальныя гульні. У доме культуры бываюць канцэрты. Ёсць вулічныя трэнажоры, і хлопцы, якія займаюцца футболам. Галоўнае пытанне – у жаданні нечым займацца.
“Каго цягне да мастацтва – палац Сапегаў ёсць. Выставы, віктарыны, жывая музыка. Толькі мала хто цікавіцца”, — кажа субяседніца.
Можна сустрэць у Ружанах і тых, хто мала чым цікавіцца. Здзівіў пабачыўшы жыццё мужчына:
“Ды ня трэба мне нічога. Я жыву ў падвале, мне лепш за ўсё. У мяне там і тэлевізар, і ўсё ёсць. Калі з дзіцячага дому прыйшоў, мне далі сацыяльную хату. А потым адабралі яе, бо я пачаў моцна піць, карацей, у мяне там быў бардак”, — распавёў мужчына.

Ну, гэта, хутчэй, выключэнне з правіл, падобных аматараў выпіць можна сустрэць ля магазінаў у любым горадзе. Але пытанне не здымаецца, чаму ж з’язджае моладзь, калі тут, сапраўды, ёсць чым заняцца?
Што з працай?
Куды можна пайсці працаваць у Ружанах? Праз службу занятасці знаходзім у пасёлку 25 вакансій. Напрыклад, касіру ў магазіне прапануюць 1500-2000 рублёў заробку. А аператару запраўкі – 1500-1800. Не густа.
Больш годны заробак прапануе мясцовае сельгаспрадпрыемства “Ружаны-Агра”. Гэта перадавы калгас Пружанскага раёну, атрымлівае ўзнагароды і на рэспубліканскім узроўні. У “бітве за ураджай” у 2025 годзе “Ружаны-Агра” заняло другое месца ў Брэсцкай вобласці.
На сайце службы занятасці вісіць 10 вакансій ад гэтага прадпрыемства. Напрыклад, жывёлаводу прапануюць 3 тысячы рублёў. Праўда, вакансія размешчана яшчэ 19 лютага. Дзіўна, чаму не знайшоўся жывёлавод.

Вадзіцель у “Ружаны-Агра” зарабляе 2000 рублёў, трактарыст – 2500, даярка – 3200. Амаль год шукаюць ветэрынара-гінеколага на заробак 4000 рублёў. Відаць, рэдкі спецыяліст.
Ёсць у Ружанах і мэблевая фабрыка. Але яна перажывала не лепшыя часы, некалькі год таму яе прадалі слонімскаму інвестару. Цяпер тут працуе некалькі дзясяткаў чалавек, вакансій няма.

Маеецца ў Ружанах школа, санаторый “Ружанскі”, гарадская бальніца. Дарэчы, кажуць, лекараў не хапае, як і ў многіх рэгіёнах. Але, пры патрэбе, можна звярнуцца да ўрачоў санаторыя.
Карацей, калі вы вырашыце звязаць сваё жыццё з Ружанамі, то трэба любіць сельскую гаспадарку. Бо пакуль, у асноўным, толькі мясцовы калгас можа прапанаваць больш-меньш годныя заробкі.
Ці магчыма выкарыстоўваць турызм для паляпшэння мясцовага жыцця?
У Ружанах шмат цікавых гістарычных кропак для турыстаў, пра некаторыя з якіх падрабязней раскажам ніжэй. А найбольш знакаміты – палац роду Сапегаў 18 стагоддзя. Яшчэ на пачатку 2000- х гадоў ён быў у занядбалым стане, аднак з 2008 году адбываецца яго рэстаўрацыя.

Турыстаў становіцца ўсё больш. Толькі музей у палацы ў 2025 годзе наведалі 44 тысячы чалавек. А многія з турыстаў прагульваліся без заходу ў музей. Спыталіся мясцовых жыхароў, ці адбіваецца неяк на іх дабрабыце павелічэнне колькасці турыстаў. Аднак, збольшага, людзі гэтага не адчуваюць.
Адна з мясовых жыхарак нават абурылася:
“Пытанне аб аддачы ад палацу вы лічыце карэктным? Можа палац павінен насельніцтву грошай раздаць? Мясцовыя мала цікавяцца палацам. Усе прывыклі, што ён ёсць. С кожным годам турыстычных аўтобусаў усё больш у палаца”.
Вось у тым то і справа, што для развіцця населенага пункта трэба выкарыстоўваць усё магчымыя спосабы прыцягнення інвестыцый. І, канешне ж, з турызму.

Амерыканскі урбаніст і эканаміст, прафесар Рычард Флорыда казаў, што “гарады, якія прыцягваюць наведнікаў, адначасова прыцягваюць талент, інвестыцыі і інавацыі”. Даследаванні паказваюць, што турызм працуе, як вітрына горада – спачатку прыязджаюць турысты, потым інвестары і новыя жыхары.
У Ружанах, адназначна, за апошнія 20 год палепшылася турыстычная інфраструктура. Стала больш пунктаў, дзе можа зрабіць фота падарожнік. Але ці рацыянальна выкарыстоўваецца турыстычны патэнцыял – гэта пытанне. Магчыма, уладам варта задумацца, ці ўсё добра робіцца тут, каб як мага надалей затрымаць турыста ў Ружанах.
Яўрэйская старонка ў гісторыі Ружан
У мінулыя стагоддзі больш 70% насельніцтва Ружан складалі яўрэі. Перад Другой сусветнай вайной іх было тут 3500 чалавек. У 1942 годзе акупанты большасць з іх вывезлі ў канцлагер, дзе яны і загінулі. Пасля вайны ў Ружанах пражывала не болей 10 яўрэяў. А ў канцы ХХ стагоддзя не было ўжо ніводнага. Многія, хто ўратаваўся, з’ехалі ў Ізраіль.

Мала хто ведае, што з Ружан паходзіць нават адзін з прэм’ер-міністраў Ізраіля – Іцхак Шамір. Ён пражыў доўгае жыццё (1915-2012), а ў 1990-х гадах нават прыязжаў у Ружаны.
Вось што пра тое ўспамінае мясцовы жыхар:
“Прэм’ер, ці хто там у іх старшым лічыцца. Маленькі такі, жвавенькі. Прыязджаў сюды, бегаў вакол сінагогі. Паглядзеў тут усё, і з’ехаў”, — расказаў мясцовы мужчына.

У памяць пра яўрэйскае мінулае ў Ружанах засталіся некаторыя дамы пачатку 20 стагоддзя. А таксама сінагога, якая разбураецца, некалькі год стаіць ужо без даху. Каля сінагогі цяпер ёсць стэнды, на якіх распавядаецца гісторыя ружанскага яўрэйства.

Хто ведае, як павярнулася б жыццё ў Ружанах, калі б тут засталіся яўрэі. Бо яны вядомыя сваёй прадпрымальніцкай жылкай. Можа і не было б цяпер дэмаграфічнай праблемы, і бізнес тут бы квітнеў. Праўда, гэта ўжо альтэрнатыўная гісторыя. Адзінае, што патэнцыял яўрэйскай гісторыі Ружан можна было б лепей выкарыстоўваць у турыстычнай галіне.
Затое з’явіліся цыганы
Што кідаецца ў вочы – у Ружанах шмат рома, або цыганоў. Мясцовыя людзі кажуць, што яны з’явіліся тут пасля Другой сусветнай вайны. І паступова іх супольнасць стала расці, хаця невядомая их дакладная колькасць.
Варта адзначыць, што ёсць звесткі, што магнаты запрашалі цыган-цымбалістаў у прыдворны тэатр яшчэ ў 16 стагоддзі.
Цяпер, у асноўным, насельніцтва ставіцца да іх талерантна.
Тут захоўвалася казна Вялікага княства Літоўскага
Найбольшы росквіт Ружан быў пры Сапегах. Гэты магнацкі род валодаў Ружанамі некалькі стагоддзяў. Яны і пабудавалі тут замак, а потым і палац у 18 стагоддзі, які цяпер з’яўляецца гонарам Ружан. Вядомы факт, што аднойчы ў палацы Сапегаў нават захоўвалася казна Вялікага княства Літоўскага.

Мястэчка было настолькі важным у палітычным плане, што ў 1637 годзе кароль Рэчы Паспалітай нават даў Ружанам Магдэбургскае права. Што толькі падкрэслівае еўрапейскасць гэтага месца.
Многія экскурсаводы сёння называюць палац рода Сапегаў у Ружанах беларускім Версалем. Сапраўды, гэты велічны комплекс уражвае турыстаў. Палац быў моцна разбураны, аднак ужо каля 20 гадоў цягнецца яго рэстаўрацыя.
Яшчэ шмат працы. Цяпер працуюць над тэатральным корпусам, дзе, верагодна, будзе гатэль, рэстаран, заля.

А самы вялікі корпус палаца толькі закансервавалі, каб меней разбураўся. Хто ведае, калі на яго знойдуцца сродкі. Бо там яшчэ і сутарэнняў некалькі паверхаў.
Сапегі – мецэнаты
Сапегі займаліся ў Ружанах не толькі сваім палацам. Яны фінансавалі тут будаўніцтва ўсіх культавых пабудоў. Для гэтага нават нанялі саксонскага архітэктара Яна Самуэля Бекера.
У 18 стагоддзі ён перабудаваў мясцовы касцёл Святой Тройцы. Цяпер – гэта гарадская дамінанта, званіцу бачна з любога боку мястэчка.

Таксама, Бекер пабудаваў і уніяцкую Петрапаўлаўскую царкву ў Ружанах у стылі барока. У 19 стагоддзі ўжо расійскія ўлады аддалі царкву праваслаўным.

Апроч таго, саксонскі архітэктар пабудаваў і вышэй згаданую сінагогу. Яна з’яўляецца паменшанай копіяй сінагогі ў Слоніме.
На сродкі Сапегаў у 1790 годзе пабудавалі на могілках у Ружанахі капліцу ў стылі класіцызму. Яе асвяцілі ў гонар Святога Казіміра, які адлюстраваны на гербе Ружан. Капліцу нядаўна адрамантавалі, выглядае вельмі прыгожа.

Дарэчы, калі будзеце на могілках у Ружанах, можаце заўважыць, што яны агульныя для розных канфесій. Проста, з аднаго боку праваслаўныя, а з другога – католікі. Вось такі экуменізм.
Памяць пра Сапегаў берагуць у Ружанах
У гонар Сапегаў у Ружанах паставілі шмат драўляных скульптур. Тут адбываліся цэлыя пленэры разбяроў па дрэве, якія выразалі фігуры многіх прадстаўнікоў старажытнага роду. Цяпер яны стаяць на цэнтральных вуліцах.
Ушаноўваць Сапегаў нават карціннай галерэяй пад адкрытым небам. Галерэю размясцілі проста на сценах будынкаў.
А на плошчы стварылі скульптурную кампазіцыю, у якой адлюстравана ўручэнне Ружанам Магдэбургскага права ў 1637 годзе.

Гэта была вельмі важная падзея для горада. Мяшчане атрымлівалі самакіраванне, а гэта быў стымул для развіцця эканомікі і гандлю. Карацей, Ружаны, станавілмся больш перспектыўным населеным пунктам.
Хто ведае, магчыма, каб было больш самакіравання ў Ружанах цяпер, ды маглі самі выбраць добрага мэра, то можа і праблемы лепей вырашаліся б? Бо менавіта Магдэбургскае права дазволіла еўрапейцам сфарміраваць уяўленне аб асабістай адказнасці і асабістай ініцыятыве. Без чакання “ініцыятывы зверху”.
Як думаеце, ці ёсць перспектывы у Ружан, ці можна спыніць тут змяншэнне насельніцтва?


Комментарии закрыты.