У сённяшняй Брэсцкай вобласці шмат месцаў, якія звязаныя з паўстаннем 1863-1864 гадоў, дзе варта пабываць турыстам, якія любяць падарожнічаць па Беларусі. 22 студзеня адзначаюцца чарговыя ўгодкі паўстання. Давайце ж прыгадаем асноўныя пункты на Берасцейшчыне.

У антырасійскім паўстанні, якое распачалося 22 студзеня 1863 года, прымалі ўдзел тысячы жыхароў Берасцейскага краю. Паўстанцы часам нават захоплівалі гарады.

Напрыклад, 1 лютага атрад Рамана Рагінскага захапіў павятовы горад Пружаны. У мясцовым банку яны забралі больш за 10 тысяч рублёў (вялікія грошы па тым часам), прыхапілі 200 карабінаў і шмат патронаў. У горад тады спяшаліся войскі расійскага генерала графа Носціца. Але паўстанцы паспелі пакінуць Пружаны, а Рагінскі здзекліва пакінуў для Носціца скрыню цыгар з запіскай:

«Генерал! Не заспеўшы мяне, верагодна, вы будзеце сумаваць, таму пакідаю вам цыгары, каб вам было весялей бавіць час».

Палац Швыкоўскіх у Пружанах

Цяпер тут музей-сядзiба «Пружанскi палацык».

Пружанскі палацык
Пружанскі палацык

Маршалак Пружанскай шляхты Валенцій Швыкоўскі не быў заўважаны ў баявых дзеяннях супраць царскіх войскаў, але ёсць звесткі пра тое, што ён падтрымліваў паўстанцаў лекамі, грашыма і зброяй. Той самы Раман Рагінскі перад адыходам з Пружанаў асабіста адабедаў у Швыкоўскага.

За ўдзел у паўстанні 1863 г. маёмасць Валенція Швыкоўскага секвестравалі (сядзібу канфіскавалі), а яму самому давялося шукаць прытулку ў Еўропе. Чатыры гады (1863-1867) Валенцій правёў у выгнанні. Яго жонка Герміна засталася на радзіме і дамагалася праўды. У выніку імператар Аляксандр II зняў арышт на маёмасць Швыкоўскіх і вярнуў усё, а выгнаннік вярнуўся дадому.

Улетку 2003 года падчас земляных работ на тэрыторыі музейнага комплексу на глыбіні 40 — 50 сантыметраў рабочыя выявілі 20 моцна паедзеных іржой стрэльбаў французскіх і рускіх майстроў XVIII — XIX стст. Хутчэй за ўсё, зброя мае дачыненне да паўстання 1863 года.

Мілавіды. Баранавіцкі раён

Самая значная бітва на тэрыторыі Берасцешчыны адбылася 22 мая 1863 года па старым стылі (3 чэрвеня па новым) пад вёскай Мілавіды. Сёння гэта Баранавіцкі раён. На месцы бітвы пры дарозе на Слуцк у 1933 годзе пабудавалі капліцу.

Капліца ў Мілавідах
Капліца ў Мілавідах

У 1990 годзе побач паставілі валун з мемарыяльнай шыльдай.

Помнік паўстанцам у Мілавідах
Помнік паўстанцам каля капліцы

Пазней тут з’явіўся яшчэ адзін валун з выявай Кастуся Каліноўскага і спісам камандзіраў, якія прымалі ўдзел у бітве з боку паўстанцаў.

Помнік паўстанцам
Помнік паўстанцам

Праз дарогу, насупраць помнікаў паўстанцам быў устаноўлены крыж у памяць пра загінулых вайскоўцаў рускай арміі.

Крыж рускім воінам
Крыж рускім воінам

У самой вёсцы Мілавіды ёсць вуліцы ў гонар паўстання.

Вуліцы паўстанцаў у Мілавідах
Вуліцы паўстанцаў у Мілавідах

Дарэчы, школа ў Мілавідах у 1990-х гадах насіла імя аднаго з удзельнікаў бітвы Аляксандра Лянкевіча.

Такая шыльда вісела некалі на школе
Такая шыльда вісела некалі на школе

А ў самой школе яшчэ ў 2016 годзе быў музей імя Кастуся Каліноўскага.

У музеі імя Каліноўскага
У музеі імя Каліноўскага, фота 2016

Крыж удзельнікам паўстання. Гарадзішча, Баранавіцкі раён

Знаходзіцца на каталіцкіх могілках гэтага пасёлка.

Крыж у Гарадзішчы
Крыж у Гарадзішчы, фота Андрэя Дыбоўскага, orda.of.by

У 1862-1864 гг. пробашчам у мясцовым касцёле быў ксёндз Якуб Кучан, дапамагаў яму ксёндз Юльян Руткоўскі. Члены парафіі прымалі ўдзел у паўстанні. У расійскіх уладаў узнікла падазрэнне, што духоўныя асобы дапамагалі паўстанцам. У выніку ў 1864 годзе Кучан быў арыштаваны і асуджаны да высылкi ў Расію. Касцёл зачынены і верагодна яшчэ ў 1864 годзе яго будынак быў перададзены праваслаўным.

Брацкая магіла ўдзельнікаў паўстання. Сабалі, Бярозаўскі раён

На ўзгорку ўсталяваны масіўны жалезны крыж з распяццем і таблічкай на беларускай і польскай мовах: «Вечная памяць загінулым за незалежнасць Бацькаўшчыны. 1863 год». Па кутах магілы стаяць вертыкальныя косы – галоўная зброя паўстанцаў. Паводле паданняў, непадалёку вёскі ва ўрочышчы Маскалі адбыўся бой паміж нешматлікім атрадам паўстанцаў і падраздзяленнем карнікаў. Мясцовыя жыхары пахавалі целы загiнуўшых паўстанцаў у гэтай магіле.

Крыж каля вёскі Сабалі
Крыж каля вёскі Сабалі

У 1929 годзе тут быў усталяваны дубовы крыж. Але ў 1939 годзе мясцовыя актывісты крыж спілавалі, магіла прыйшла ў запусценне. А ў 1990 годзе Леанід Кугач з Сабалёў паставіў новы, металічны крыж.

Шыбельная гара, Івацэвічы

Такую назву носіць адно з найбольш высокіх месцаў у Івацэвічах. Тут знаходзіцца водазабор. Але сваю назву пагорак атрымаў ад слова шыбеніца (виселица). Вядома, што тут падчас паўстання пакаралі смерцю павешаннем 20 паўстанцаў.

Шыбельная гара
Шыбельная гара

Віленскі генер-губернатар Міхаіл Мураўёў, пры якім было падаўлена паўстанне, забараняў нават любыя праявы жалобы па загінулых паўстанцах. Але народная жалоба праявілася на Шыбельнай гары. Тут раслі сосны, і людзі пачалі прымацоўваць да іх іконкі ў памяць пра паўстанцаў, якіх тут забілі.

Як распавядаў краязнаўца з Івацэвіцкага раёну Алесь Зайка, абразы тут употайкі вешалі сотнямі, і яны былі бачныя яшчэ дзесяцігоддзямі. Ужо ў 2000-х на Шыбельнай гары быў пастаўлены і асвячаны драўляны крыж.

Крыж на Шыбельнай гары
Крыж на Шыбельнай гары

Помнік на магіле паўстанцаў. Косава

Напамінам пра бой каля Косава сведчыць помнік на каталіцкіх могілках, які знаходзіцца на магіле паўстанцаў. Яго паставілі ў 1927 годзе, пры польскай уладзе. Цудам ён перажыў часы савецкай улады. Кажуць, яго проста павалілі, і толькі праз многія гады паставілі ізноў.

Помнік у Косаве
Помнік у Косаве

Помнік знаходзіцца ў канцы могілак пры пад’ездзе да Косава з боку Івацэвіч. Там пахаваныя тры паўстанцы. Прозвішча аднаго з іх невядомае, а двое падпісаныя – Красінскі і Лукашэвіч. Цікава, што апошняе прозвішча было ў аднаго з мясцовых кіраўнікоў паўстання. Атрад Ісідора Лукашэвіча быў сфарміраваны ў Мілавідах, ён далучыўся да атрада Францішка Юндзіла і прымаў удзел у Мілавідскай бітве.

Надпіс на помніку
Надпіс на помніку

Ці магчыма, што на могілках у Косаве пахаваны той самы Ісідор Лукашэвіч? Можа і так, але яшчэ адзін чалавек з такім імем пахаваны 1 лютага 1884 года ў Іркуцку ва ўзросце 46 год на Іерусалімскіх могілках. Вядома ж, што пасля паражэння паўстання тысячы яго ўдзельнікаў былі сасланыя ў Сібір.

Мемарыяльны камень Рамуальду Траўгуту. Шастакова, Камянецкі раён

У пачатку XIX стагоддзя маёнткам Шастакова валодаў падпалкоўнік расійскай арміі Павел Гофмайстар. Гэты маёнтак у яго арандаваў саксонец, збяднелы шляхціц Людвік Траўгут. У 1826 годзе ў яго нарадзіўся сын Рамуальд, які быў нават дыктатарам паўстання.

Пасля смерці Паўла Гофмайстра маёнтак Шастакова перайшоў да яго сына Апалінарыя. У 1863 годзе Апалінарый Гофмайстар стаў паўстанцкім начальнікам Брэст-Літоўскага павета, угаварыў Рамуальда Траўгута, якога добра ведаў з дзяцінства, стаць на чале Кобрынскага атрада. У 1864 годзе Апалінарый Гофмайстар арыштаваны і сасланы на катаргу, Рамуальда ж чакаў больш трагiчны лёс. Пра яго пісалі па спасылцы.

Шастакова, Камянецкі раён
Шастакова, Камянецкі раён, фота Мікалай Кузіч, orda.of.by

У 1926 годзе польскімі ўладамі ў гонар 100-годдзя нараджэння Траўгута ў Шастакова быў усталяваны камень з мемарыяльнай дошкай. Помнік быў забыты, за ім ніхто не даглядаў. А ў 2003 годзе па ініцыятыве Генконсульства Польшчы ў Брэсце тэрыторыя сядзібы была ачышчана і ўстаноўлена новая мемарыяльная пліта. Ад маёнтка да нашага часу захаваліся падмуркі будынка і пейзажны парк памерам 6 гектараў.

Мемарыяльны камень на радзіме Траўгута. Астроў’е, Маларыцкі раён

Маёнтак, які раней называўся Востраў, Рамуальд Траўгут атрымаў у спадчыну ад дзеда па матчынай лініі ў 1861 г. Пасля пакарання Рамуальда будынкі сядзібы былі спалены расійскімі ўладамі.

Шыльда ў Астроўі
Шыльда ў Астроўі

Увесну 1933 г. тут адзначалася 70-годдзе паўстання з удзелам прыбылых з Кобрына салдат палка імя Траўгута з аркестрам, гімназістаў, школьнікаў і мясцовага насельніцтва. На месцы сядзібнага дома быў усталяваны вялікі дубовы крыж з невысокай агароджай і вялікі валун з надпісам «Рамуальду Траўгуту – вялікаму сыну Палесся». Побач былі пасаджаныя хвоя і бяроза. Нажаль, усё гэта было страчана.

Новы памятны знак у выглядзе валуна з крыжам усталяваны ў 2003 г. На таблiчцы напiсана: «Тут, у былым фальварку Востраў, з 1862 па 1863 гг. жыў Рамуальд Траўгут».

Музей Траўгута. Хутар Божы Дар, Кобрынскі раён

Гэта непадалёк ад вёскі Лескава Кобрынскага раёну. Падчас паўстання тут быў маёнтак Мітрашэўскіх. Менавіта тут увесну 1863 адбылася сустрэча шляхты, на якой Рамуальда Траўгута угаварылі стаць кіраўніком паўстання ў Кобрынскім павеце.

Помнік у маёнтку Божы Дар
Помнік у маёнтку Божы Дар

У нашым стагоддзі прадпрымальнік аднавіў тут дом, дзе цяпер музей Траўгута. Там можна пабачыць побыт 19 стагоддзя. Ды нават ліст Траўгута сваёй жонцы, напісаны перад смерцю. На тэрыторыі ёсць і сапраўдны млын 1852 года.

Млын у маёнтку Божы Дар
Млын у маёнтку Божы Дар

Капліца-пахавальня роду Ажэшкаў. Заказель, Драгічынскі раён

Ёсць паданне, што менавіта тут Эліза Ажэшка хавала ад пераследу параненага Рамуальда Траўгута. А потым ён дабараўся да Варшавы і стаў дыктатарам паўстання.

Капліца ў Заказелі
Капліца ў Заказелі

Пахаванне роду Жукаў. Новая Папіна, Драгічынскі раён

Прадстаўнікі гэтага роду прымалі ўдзел у паўстанні 1863 году. Фамільныя пахаванні пабудаваны прыблізна ў сярэдзіне 19 стагоддзя

Пахаванні ў Новай Папіне
Пахаванні ў Новай Папіне

Магіла ўдзельнікаў паўстання. Ласасін, Пружанскi раён

24 мая 1863 г. ля вёскі Ласасін, што на ўскрайку Ружанскай пушчы, адбылася сутычка рускіх з аддзелам паўстанцаў, якімі камандаваў пружанскі шляхціц Уладзімір Шчасны. У атраадзе на той час знаходзіўся і паплечнік Кастуся Каліноўскага Валеры Урублеўскі. Паўстанцы панеслі цяжкія страты, 40 чалавек загінулі ў тым баі. Урублеўскі, праўда, з часткай атраду вырваўся з акружэння.

Мясцовыя жыхары пахавалі палеглых на месцы бою ў брацкай магіле, паставілі крыж. Праз 70 гадоў польскія ўлады паставілі на месцы пахавання сціплы помнічак: невялікі абеліск з паліраванага чорнага граніту з выбітым надпісам: «Prochom 40 powstancow polskich poleglych w 1863 r. w walkach z najezdzca. Mieszkancy powiatu».

Пасля вайны на месцы былога паселішча асаднікаў быў створаны палігон, і магіла паўстанцаў апынулася на яго тэрыторыі. І ў 1998 годзе авіятары расстралялі помнік з верталёта.

Трэцяе нараджэньне помніка адбылося ў 2000 годзе, ініцыятываю, сродкамі і працай пружанскіх энтузіястаў. Помнік асвяцілі ружанскі ксёндз Януш і бацюшка з вёскі Варанілавічы айцец Уладзімір.

Помнік у Ласасіне
Помнік у Ласасіне

Магіла ўдзельнікаў паўстання. Калоднае, Столінскі раён

У маі-чэрвені 1863 года атрады паўстанцаў здзейснілі смелы рэйд з Піншчыны ўглыб Палесся. АтрадТраўгута, падмацаваны сотняй паўстанцаў з Брэсцкага павета, прыведзеных Янам Ваньковічам, атрымаў загад рухацца на Валынь. Пераначаваўшы ў Століне, раніцай паўстанцы паромам пераправіліся праз раку Гарынь і спыніліся ў лесе.

Ведаючы, што за імі ідуць рускія войскі, Рамуальд Траўгут арганізаваў засаду, на якую ў рэшце рэшт і патрапілі тры роты салдат пад кіраўніцтвам маёра Кемера. У выніку бою загінула 19 рускіх і 17 былі параненыя, а страты паўстанцаў склалі толькі два чалавекі.

29 чэрвеня паручнік Пятроўскі з двума ротамі салдат нечакана напаў на атрад, які адпачываў, у выніку чаго паўстанцы страцілі чатыры вазы з харчаваннем і восем верхавых коней.

Ля Калоднага, на паляне, акружанай лесам, зрабілі чарговы прывал. 12 ліпеня атрад зноў быў атакаваны. Пасля гэтых сутычак Траўгут падзяліў атрад на дзясяткі і загадаў ім прабірацца на Кобрыншчыну.

Помнік паўстанцам 1863 года ўсталяваны ў 1981 годзе на паўднёвы ўсход ад вёскі Калоднае, каля чыгуначнага пераезду. Тут пахаваны восем касiнераў, у тым ліку Вабішчэвіч.

Магіла ў вёсцы Калоднае
Магіла ў вёсцы Калоднае

Мемарыяльны камень. Крывошын, Ляхавіцкі раён

9 чэрвеня 1863 г. каля Крывошына, у Рэпіхаўскім лесе, адбыўся бой паміж царскімі войскамі і паўстанцамі пад камандаваннем Б. Міладоўскага. Паўстанцы ў выніку бітвы панеслі страты.

Пасля паразы паўстання каталіцкі храм у Крывошыне быў зачынены і перабудаваны на праваслаўную царкву.

У 1988 г. на месцы бою ўсталяваны камень-валун.

Помнік у Крывошыне
Помнік у Крывошыне

Магіла ўдзельнікаў паўстання. Вароні, Столінскі раён

На былым хутары Ліхча, недалёка ад в. Варонi знаходзiцца магіла ўдзельнікаў паўстання 1863-64 гг.

Крыж на месцы пахавання паўстанцаў
Крыж на месцы пахавання паўстанцаў

Месца пахавання ўдзельнікаў паўстання 1863 года. Бакінічы Пінскі раён

Помнік на магіле паўстанцаў
Помнік на магіле паўстанцаў

Магіла паўстанцаў. Дамачава, Брэсцкі раён

Помнік знаходзіцца на тэрыторыі касцёлу.

Помнік у Дамачаве
Помнік у Дамачаве

Магіла Антонія Калішэка. Малыя Шчытнікі, Брэсцкі раён

Антоній Калішэк — сын каваля 1842 года нараджэння, які прайшоў праз паўстанне. Быў у атрадзе Красінскага. Яго паранілі ў галаву шабляй, але выжыў і дажыў яшчэ да канца 1930-х гадоў!

Антоні Калішэк
Антоні Калішэк
Магіла Калішэка ў Малых Шчытніках
Магіла Калішэка ў Малых Шчытніках

Магіла Радзевічаў. Грушэва, Кобрынскі раён

Шляхцічы Генрык і Амелія Радзевічы былі ўдзельнікамі паўстання 1863 года. Іх дачка Марыя потым стала вядомай польскай пісьменніцай.

Магіла Радзевічаў.
Магіла Радзевічаў. Фота Мікалай Кузіч, orda.of.by

Надмагіле. Лыскава, Пружанскі раён

Верагодна, гэта надмагільны помнік на месцы пахавання рускіх салдат, якія загінулі ў барацьбе з паўстанцамі.

Магіла ў Лыскаве
Магіла ў Лыскаве. Фота Мікалай Кузіч, orda.of.by

Мемарыяльныя калоны. Асошнікі і Поланск, Пружанскі раён

Гэтыя мемарыяльныя калоны у некаторых крыніцах апісваюць, як помнікі паўстанцам Каліноўскага.

Калона ў Асошніках
Калона ў Асошніках
Калона ў Поланску
Калона ў Поланску

Глядзіце яшчэ:
Судьба сказочного дворца неподалёку Барановичей. И причём тут редкая книга с аукциона

Комментарии закрыты.

Вверх