Антоній Калішэк (Antoni Kaliszek) нарадзіўся 15 жніўня 1842 году пад Лукавам на ўсходзе Польшчы. Яго бацька быў кавалём, але памёр, калі Антонію было некалькі год. Сям’я жыла з яго рамяства, таму, можна толькі ўявіць, як цяжка прыйшлося маці Антонія выхоўваць адной некалькіх дзяцей.
Таму натуральна было, што ўжо ў 16 год Антоній пачаў самастойнае жыццё. Працаваў пастухом у багатых гаспадароў.
Як прыгадваў сам Антоній, студзеньскае паўстанне 1863 году заспела яго, калі ён вяртаўся з касцёлу ў Тухавічах (непадалёк ад Лукава).
«У нядзелю я вяртаўся з касцёлу і ўпершыню пачуў пра паўстанне. Старэйшыя сяляне угаворвалі маладых ісці ў паход супраць маскаля. У нашай акрузе паўстанцаў збіраў маёр Бардзі (Bardy). Казалі, што ён быў французам. Некалькі парабкаў сабраліся ў вёсцы. Мы павінны былі ісці разам (далучацца да паўстання). Але калі прыйшоў час пакідаць хату, у астатніх прапала жаданне ваяваць. Я адзін сыйшоў у лес», — успамінаў Антоній Калішэк.

Атрад, у якім ён быў, налічваў 60 чалавек, галоўным чынам, парабкаў. Зброю меў толькі кожны трэці. Астатнія былі ўзброены толькі сякерай ці касой. Першы бой яны прынялі пад Жыжынам (Żyrzyn), гэта ў 50 кіламетрах ад Любліна.
«Нашы людзі данеслі, што дарогай на Жыжын будзе ісці пяхотная рота (рускіх). Мы зладзілі засаду. Недалёка ад вёскі дарога праходзіла глыбокім ярам. Мы схаваліся ў кустах па абодва бакі дарогі. Чакалі доўга. Здавалася, што ноч пройдзе, а маскале так і не з’явяцца. Раптам мы пачулі крокі. Калі яны параўняліся з намі, мы, 60 чалавек, кінуліся на роту. Бой цягнуўся не доўга. Жывымі засталіся толькі чацьвёра салдатаў», — успамінаў Калішэк.
Курылі ў сторублёўках
Апынулася, што гэтая рота была эскортам афіцэра, які вёз буйную суму грошай. Па словах Калішэка, пасля бою здарыўся кур’ёз. Перш, чым паўстанцы зразумелі, што авалодалі буйнай сумай грошай, парабкі ўжо дымелі махоркай, завернутай у сторублёвыя купюры. На той час гэта быў заробак рабочага. У Расійскай імперыі за 100 рублёў тады можна было купіць некалькі пар абутку, касцюм ці салідны запас прадуктаў на доўгі тэрмін. Або 40 пар валёнак, 20 пудоў сухароў.
«Мы павялі палонных салдат на сядзібу. Адзін з маскалёў пагражаў спаліць усю вёску, калі вернецца ўвесну. Сяляне ўтапілі яго ў сажалцы маёнтка. Тром астатнім рускім мы далі па рублю і адпусцілі на волю. Калі маскалі даведаліся аб сутычцы і прыбылі ў вёску праз некалькі дзён, то знішчылі вёску і забралі яе гаспадара», — казаў паўстанец.
Другі раз паўстанцы сутыкнуліся з рускім войскам каля вёскі Траяноўка (Trojanówka). Гэта паміж Варшавай і Люблінам. Рускіх было шмат і паўстанцы не маглі іх адолець. Многія сяляне засталіся на полі бою, а тыя, хто выжыў, разышліся па іншых атрадах.
«Я і мой сябар пайшлі ў атрад Красінскага (Krasińskiego). Пад Сырнікамі (Syrnikami) я быў паранены. Казак ударыў мяне шабляй па галаве. Каля 50 параненых засталося на полі боя. Казакі хацелі дабіць нас пікамі, але афіцэр не дазволіў», — казаў Антоній.
Параненых забралі ў палон, 45 цяжка параненых накіравалі ў манастыр, адкуль пазней многія ізноў сыходзілі ў лясы, у тым ліку і Антоній Калішэк. Сяляне ахвотна кармілі паўстанцаў і хавалі, хаця бывалі і здрады. Напрыклад, Калішэк успамінаў яўрэя Юдку, які быў сувязным паўстанцам, а насамрэч здрадзіў ім.

Паўстанцу, параненаму ў галаву, было цяжка схавацца. Ён блытаўся па лясах, прыходзячы ў вёскі па начах. Але пазней рускі патруль схапіў Калішэка і яго адправілі ў турму ў Любліне. Яго спачатку паклалі ў лазарэт. Пасля таго, як паправіўся і адбыў свой тэрмін, пасяліўся па месцы жыхарства, дзе год быў пад наглядам жандармаў.
Жыў яшчэ шмат год
Як пісала пазней выданне Polska Zbrojna, паўстанец стварыў сям’ю і пасяліўся пад Брэстам.
«Калішэк, ветэран, нягледзячы на свой паважны узрост (96 год) і няграматнасць, вельмі цікавіцца дзяржаўнымі і вайсковымі справамі. Ён любіць слухаць радыё, а таксама цікавіцца навінамі з Польшчы і ўсяго свету, просіць унука чытаць газету. Паколькі ветэранам добра апякуюцца, ёсць спадзяванне, што ён пражыве доўгае жыццё», — пісала польская прэса ў 1938 годзе.
Падчас паўстання Калішэк быў шарагоўцам. Але ў афіцэрскім штогодніку 1923 года ён запісаны падпаручнікам. У 1930 годзе ён быў узнагароджаны польскім Крыжом Незалежнасці, а ў 1938 годзе — афіцэрскім крыжам ордэна Polonia Restituta.
Пахаваны Антоній Калішэк на могілках у Малых Шчытніках пад Брэстам.




Комментарии закрыты.