У вельмі малым узросце гэты чалавек страціў бацькоў у выніку страшнай трагедыі. Але яму было наканавана стаць надзвычай таленавітым перакладчыкам, які адолеў нават Біблію. Яшчэ вельмі недаацэненая постаць Васіля Сёмухі з Пружаншчыны, сціплага генія, які 18 студзеня ў 2026 годзе адзначыў бы сваё 90-годдзе.

У 2019 годзе Васіль Сёмуха памёр. Аднак ён пакінуў каласальную спадчыну беларусам, вакол якой, як мяркуюць мясцовыя жыхары, будзе яшчэ шмат навуковых, літаратурных даследаванняў. Давайце прыгадаем лёс гэтага надзвычай важнага чалавека для беларускай культуры.

Трагедыя дзяцінства

Падчас Другой сусветнай вайны, у 1942 годзе нацысты расстралялі бацькоў маленькага Васіля за сувязь з партызанамі. Яго выхоўвалі сваякі. Здавалася б, хлопец мусіў затаіць крыўду на немцаў, але ён наадварот зацікавіўся, што за народ такі – немцы. І ў будучыні стаў геніяльным перакладчыкам класікаў нямецкай літаратуры.

“Я хацеў бы шчыра сказаць і немцам і беларусам: чалавек не можа жыць нянавісцю, чалавеку запаведана жыць з любоўю ў сэрцы”, — казаў пазней Васіль Сёмуха.

Што праўда, не толькі нямецкай, Васіль Сёмуха перакладаў польскую, латышскую, украінскую, армянскую, іспанскую, лацінскую і нават нарвежскую літаратуру.

У савецкі час Васіль Сёмуха працаваў настаўнікам, у газеце “Літаратура і мастацтва”, выкладаў ва універсітэце, быў рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура”.

Біблію адстойваў нават перад царквой

Адным з найбольш значных стаў перкалад на беларускую мову Бібліі. Яна выйшла ў 2002 годзе. І сёння ёй карыстаюцца вернікі розных хрысціянскіх канфесій. Але цікавая гісторыя стварэння гэтага перакладу.

Біблія Сёмухі
Біблія Сёмухі

Працу над перакладам Васіль Сёмуха пачынаў у складзе біблійнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы (Маскоўскага патрыярхату). Але ў выніку ён пакінуў гэтую камісію і вырашыў перакладаць самастойна. Пазней гэтую працу блаславіла Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква з Амерыкі. А сродкі на выданне знашлі сваякі, дыяспара і неабыякавыя людзі.

Дык чаму ж Васіль Сёмуха пакінуў біблійную камісію? Аказалася, што ён прыныпова адмовіўся ад некаторага ўмяшання тэолагаў, якое пярэчыла духу беларускай мовы. Напрыклад, ён не мог пагадзіцца на выкарыстанне словаў “благадаць”, ці “блажэнны”. Бо гэта калька з рускай мовы.

Вядома ж, што слова “блага” – мае абсалютна процілеглае значэнне ў беларускай мове. У рускай мове яно азначае – добра, а ў беларускай – дрэнна. Таму канструкцыю “благадаць” Сёмуха аргументавана лічыў недарэчнай у беларускай мове.

Таму і выдаў ён Біблію такой, каб яна найперш адпавядала беларускай мове. І цяпер, праз шмат гадоў, людзі, якія карыстаюцца гэтай кнігай, называюць яе “Біблія Сёмухі”.

Выключылі з Саюзу пісьменнікаў

У жыцці Васіля Сёмухі бывалі гісторыі, якія сёння могуць выглядаць досыць камічна. Але ў свой час маглі несці сур’ёзныя праблемы.

Напрыклад, у часы СССР ён напісаў ліст у пасольства Германіі. І патрабаваў кампенсацыі за забітых бацькоў і спалены хутар. А гэтую кампенсацыю ён хацеў патраціць на выданне “Фаўста” Гётэ на беларускай мове.

Але пісьмо трапіла не ў пасольства, а ў камуністычную партыю. Камуністы былі ў шоку: як так, спрабуе наладзіць сувязь з Германіяй. У выніку скандалу Васіля Сёмуху выключылі з Саюзу пісьменнікаў БССР.

Тым не меней, пісьменнік Уладзімір Някляеў прыгадваў, што Васіль Сёмуха з гумарам ставіўся да драматычных эпізодаў у сваім жыцці. А “Фаўста” ён ўсё роўна пераклаў.

Атрымаў вышэйшыя ўзнагароды, але не на Радзіме

За пераклады з нямецкай і латышскай мовы Васіль Сёмуха стаў першым беларусам, які атрымаў вышэйшыя ўзнагароды гэтых краін. Філосаф, журналіст Уладзімір Падгол прыгадваў, што калі расказаў паслу Германіі ў Беларусі гісторыю Васіля Сёмухі, пра лёс яго бацькоў, і што ён стаў перакладчыкам з нямецкай, той быў вельмі ўражаны. І асабіста хадайнічаў перад нямецкім прэзыдэнтам аб узнагародзе.

“Любая мова, скажу я вам, гэта такая штука, Божы дар людзям, што як толькі ёю сур’ёзна зацікавішся, — усё! Алес! Яна цябе не выпусціць з абдымкаў ніколі. Бо гэта сэрца прыгажосці, гармоніі, духоўнага багацця, бясконцага таленту і Божай шчодрасці, з якой сэрца надзелена даброцямі” – казаў Васіль Сёмуха падчас уручэння нямецкага ордэна.

Выказванне пра “вялікія мовы”

“Калі нам сёння ўбіваюць у галовы надта разумныя палітыкі, што ў свеце існуе толькі дзьве вялікія мовы — англійская і руская, і толькі на іх можна выказаць нешта разумнае і мудрае, то я дазволю сабе ў гэта не паверыць. Таму што той, хто так гаворыць, ні па-руску, ні па-англійску ніводнай мудрай думкі пакуль не выказаў”.

Чытайце яшчэ:
Адкрыў таямніцы самай страшнай і невядомай вайны: Генадзь Сагановіч

Комментарии закрыты.

Вверх