У гісторыі нярэдка з’яўляюцца героі, якія зусім не былі прыроджанымі рэвалюцыянерамі, а хутчэй людзьмі гонару і дысцыпліны. Уражэнец Берасцейшчыны Рамуальд Траўгут (Romuald Traugutt) – менавіта такая постаць. У студзені 2026 года споўнілася 200 год з дня народзінаў гэтага чалавека, пра якога Галівуд мог бы зняць вострасюжэтны фільм.

Рамуальд Траўгут – чалавек, які амаль усё жыццё служыў Расійскай імперыі, быў баявым афіцэрам. Глыбока веруючы католік, ён пасля ваеннай службы быў сем’янінам і спакойна жыў сабе ў Кобрынскім павеце. Але адбыліся падзеі, калі Рамуальду давялося пакінуць прыватнае жыццё, прыняць рашэнне і стаць адным з сімвалаў антырасійскага паўстання 1863 года.

Раннія гады

Рамуальд Траўгут нарадзіўся 16 студзеня 1826 года ў Шастакова Кобрынскага павету Гродзенскай губерні. Сёння гэта вёска ў Камянецкім раёне. Ён паходзіў з небагатага шляхецкага роду. Бацька Людвік паходзіў з старажытнага нямецкага роду, з Саксоніі. Маёнтак у Шастакове ён арандаваў.

Дзяцінства Рамуальда праходзіла праз тры дзесяцігоддзі пасля захопу гэтай часткі Рэчы Паспалітай Расійскай імперыяй, таму ў шляхецкім асяроддзі яшчэ востра адчувалася атмасфера страчанай дзяржаўнасці. Тым больш, калі яму былі чатыры гады, у 1830 годзе, было першае антырасійскае паўстанне за адраджэнне Рэчы Паспалітай, якое было задушана.

Рамуальд Траўгут
Рамуальд Траўгут

Калі Рамуальду было два гады, памерла маці Алаіза Блоцкая. І выхаваннем займалася бабуля. Магчыма, яна і прывіла яму глыбокую рэлігійнасць, стрыманасць.

Тым не меней, Рамуальд атрымаў хатнюю адукацыю, а затым вучыўся ў прэстыжнай тады Свіслацкай гімназіі, якая была пастаўшчыком студэнтаў для Віленскага універсітэта. Дарэчы, у гэтай гімназіі вучыліся многія вядомыя асобы, сярод якіх Кастусь Каліноўскі, Напалеон Орда.

Служба ў Расійскай арміі

Але вучыцца ў Віленскі ўніверсітэт Рамуальд не пайшоў. У 1845 годзе ён паступіў на службу ў інжынерныя войскі Расійскай імперыі. Рамуальд не быў выключэннем, у той час многія прадстаўнікі літоўска-беларускай і польскай шляхты абіралі вайсковую кар’еру, як шлях да сацыяльнай стабільнасці.

Малады Рамуальд Траўгут
Малады Рамуальд Траўгут

Траўгут служыў добрасумленна. Удзельнічаў у Венгерскай кампаніі 1849 года, дзе расійская армія прыйшла на дапамогу Аўстрыі ў падаўленні Венгерскай рэвалюцыі. Потым Траўгут удзельнічаў у Крымскай вайне 1853-1856 гадоў супраць Асманскай імперыі. Дарэчы ў ёй удзельнічаў і Леў Талстой. Гісторык Мікалай Берг адзначаў, што Траўгут у той вайне быў на перадавой, але не быў паранены.

Траўгут праявіў сябе разумным афіцэрам, быў узнагароджаны, даслужыўся да падпалкоўніка. Трэба падкрэсліць, што ў гэты час ён не быў удзельнікам нейкіх падпольных антыімперскіх таварыстваў, не пісаў нейкіх антырасійскіх пракламацый. Верыў у парадак і іерархію. Менавіта таму яго будучы выбар стане нечаканасцю для многіх сучаснікаў.

Асабістая трагедыя і размеранае жыццё на радзіме

Пераломным момантам у жыцці Траўгута стаў шэраг асабістых трагедый. У 1859 годзе, падчас службы, ён страціў жонку і двух дзяцей – яны памерлі ад хваробаў. Праз некаторы час памёр яшчэ і сваяк па мацярынскай лініі, але пакінуў маёнтак Востраў у сённяшнім Маларыцкім раёне.

Рамуальд прыехаў прымаць спадчыну. Гэты працэс заняў пэўны час. І ў выніку падпалкоўнік сыйшоў у адстаўку і пасяліўся ў маёнтку будаваць новую сям’ю з маладой жонкай Антанінай Касцюшка. Дарэчы, яна была ўнучатай пляменніцай таго самага Тадэвуша Касцюшкі.

Здавалася б, ціхае размеранае жыццё шляхціча – паляванне, тусоўкі мясцовай знаці, заняцці фізікай (хоббі Траўгута). Можна было мемуары пісаць пра службу і ваенныя паходы.

Аднак, надыйшоў 1863 год, які паставіў перад Траўгутам цяжкі выбар.

Палічыў неабходным не берагчы сябе там, дзе астатнія ахвяруюць усім

22 студзеня 1863 года ў Польшы, Літве, Беларусі ўспыхнула антырасійскае паўстанне за незалежнасць акупаванай дзяржавы Рэч Паспалітая. Напачатку Рамуальд Траўгут адносіўся да яго скептычна. Вопытны баявы афіцэр разумеў няроўнасць сіл паўстанцаў і рэгулярных войскаў Расійскай імперыі.

Паўстанне 1863
Паўстанне 1863

Але ў канцы красавіка 1863 года ў маёнтку Божы Дар (сёння Кобрынскі раён) адбылася таемная сустрэча Рамуальда Траўгута з прадстаўнікамі паўстання. Яны агітавалі яго далучыцца да паўстання, прыняць на сябе камандаванне Кобрынскім атрадам. Канешне, паўстанню было выгадна атрымаць такога вопытнага камандзіра з баявым досведам.

І хаця Траўгут разумеў усю бесперспектыўнасць, але палічыў адмову ад удзелу маральнай здрадай. І пагадзіўся, прыняўшы паўстанцкі псеўданім Кракаўскі.

Вось, што пісаў пра гэта сам Траўгут:

“Я заўсёды марыў пра незалежнасць сваёй радзімы. Вызваленне Польшчы з-пад Расіі – вось сапраўднае дабро для нашай краіны. Але я нікому не даваў парады паўставаць. Я бачыў усе цяжкасцібарацьбы без арміі і зброі з дзяржавай, вядомай сваёй магутнасцю. Не бачачы магчымасці адступлення, згадзіўся з іх просьбай, бо палічыў, што паляк абавязаны не шкадаваць сябе, калі іншыя ахвяруюць усім”.

Баі і ўратаванне з дапамогай Элізы Ажэшка

Атрад Траўгута быў не вельмі вялікім, у ліпені 1863 года яго максімальны памер складаў каля 500 чалавек. Гэта былі шляхта, чыноўнікі, служачыя і сяляне. Асноўная зброя – паляўнічыя стрэльбы, пісталеты і сялянскія косы.

Паўстанцы-касінеры
Паўстанцы-касінеры

Тым не меней, у маі 1863 года паўстанцы Рамуальда Траўгута правялі тры баі з рэгулярнымі воскамі пад Горкамі (непадалёк ад Антопаля). Здзейсніў паход на Піншчыну і Валынь. Ва ўсіх баях сілы Траўгута былі меньшымі, і ў чэрвені ён распусціў знясілены атрад і даў загад прабірацца невялікімі групамі да злучэння з іншымі атрадамі.

Сам Рамуальд Траўгут быў паранены, яго даставілі ў маёнтак Людвінава недалёка ад Драгічына, дзе ім апекавалася гаспадыня. Гэта была таленавітая пісьменніца Эліза Ажэшка, якая дапамагала паўстанцам. Праз два тыдні лекавання яна адправіла Траўгута ў сваёй карэце ў Варшаву пад выглядам свайго хворага сваяка.

Эліза Ажэшка
Эліза Ажэшка, партрэт 1879

Дарэчы, мужа Элізы Ажэшка Пятра пасля паўстання асудзілі, саслалі ў Пермскую губерню, дзе ён і памёр. Маёнтак канфіскавалі і прадалі. У адным з архіўных дакументаў па гэтай справе пісалі, што «дворянин Ожешко виновен в принятии у себя мятежников, среди которых был начальник шайки Траугутт».

Апошні дыктатар паўстання

У Варшаве паўстанцкі ўрад прысвоіў Траўгуту званне генерала. У жніўні ён накіраваўся ў Парыж, мусіў весці перамовы аб міжнароднай падтрымцы паўстання. А ў кастрычніку ўзначаліў нацыянальны ўрад і ажыццяўляў кіраўніцтва паўстаннем. Яго называлі “апошнім дыктатарам паўстання”.

Траўгут быў прагматычны, імкнуўся да цэнтралізацыі, патрабаваў дысцыпліны. Ён разумеў, што трэба пашыраць сацыяльную базу паўстання, далучаць сялян. Таму патрабаваў больш актыўнай рэалізацыі ранейшага дэкрэта ўрада аб перадачы сялянам зямлі. Праўда, было занадта позна, расійскія ўлады ўвялі ў край значныя вайсковыя сілы.

Арышт і пакаранне

Бачачы паразу паўстання, Рамуальд Траўгут мог пакінуць краіну, ды пісаць урэшце спакойна свае мемуары. Так зрабілі многія кіраўнікі паўстання. Але ён да апошняга знаходзіўся на нелегальным становішчы.

У красавіку 1864 года яго выдаў паліцыі здраднік. Траўгута заключылі ў Варшаўскую цытадэль. Некалькі месяцаў ішло следства. На допыце ў турме ён да апошняга казаў: “незалежнасць з’яўляецца неабходнай умовай для сапраўднага шчасця кожнага народа, я заўсёды марыў аб ёй для сваёй радзімы”.

Камера Траўгута
Камера Траўгута ў Варшаўскай цытадэлі

5 жніўня 1864 года Рамуальда Траўгута пакаралі смерцю разам з яшчэ чатырма прадстаўнікамі паўстанцкага ўраду. Кажуць, што перад смерцю ён маліўся і захоўваў спакой. Вядома, што паспеў накіраваць лісты да жонкі.

Смерць Рамуальда Траўгута стала сімвалам канца паўстанння. І адначасова пачаткам яго легенды.

Кобрын вуліца Траўгута
Кобрын, вуліца Траўгута, 1930-я

Гістарычнае значэнне

Рамуальд Траўгут не быў нейкім рамантычным бунтаўшчыком, не марыў пра славу. Не шукаў рэвалюцыі, але прыняў яе, як крыж. Яму давялося стаць героем насуперак свайму характару. У вырашальны момант ён пайшоў на ахвяру, а не пакінуў сабе размеранае жыццё.

У Польшчы Рамуальд Траўгут ушаноўваецца як нацыянальны герой, мучанік за свабоду. Яго імем названыя многія вуліцы і школы, помнікі ёсць у Варшаве і іншых гарадах.

Асабліва яго пачалі шанаваць у часы Другой Рэчы Паспалітай – у 1930-я гады.

Але, трэба сказаць, што нават пры савецкай уладзе ў пэўныя часы імя Траўгута не было забароненым. Проста яго імкнуліся падбіць пад прызму марксізму. Маўляў, быў барацьбіт не нацыянальны, не за дзяржаву, а супраць царызму і за свабоду сялян. Польская дывізія імя Траўгута была сфарміравана ў 1944 годзе ў Разанскай вобласці і змагалася на баку Савецкага Саюза.

Для Беларусі Рамуальд Траўгут таксама з’яўляецца важнай гістарычнай фігурай. Ён адлюстроўвае шматслойную ідэнтычнасць рэгіёну, дзе перапляліся польская, беларуская і еўрапейская гісторыі.

Польская манета 1933 года
Польская манета 1933 года ў гонар Рамуальда Траўгута

Цікавыя факты

Некаторыя даследчыкі даводзяць, што датай нараджэння Рамуальда Траўгута з’яўляецца 3 студзеня. Пра гэта, напрыклад, пішуць Барысюк і Рэйзвіх у сваёй кнізе “Рамуальд Траўгут – рыцар зямлі Палескай” (2020).

Даследчык Юрый Барысюк у сваёй кнізе сцвярджае, што пры нараджэнні Рамуальд Траўгут быў запісаны трыма імёнамі – Ціт Рамуальд Людвік. І быў ахрышчаны ўніяцкім святаром вёскі Зарачаны (сёння Кобрынскі раён, раней называлася Царкоўнікі). Барысюк лічыць сімвалічным факт хросту Траўгута ва ўніяцкай царкве, бо ў касцёлы хадзіла знаць, а грэка-каталіцкія (уніяцкія) цэрквы былі збольшага для сялян.

Пасля смерці Рамуальда Траўгута яго дачок Ганну і Элізу хацелі забраць у жонкі Антаніны і адправіць у Пецярбург на перавыхаванне ў “інстытут благародных дзявіц”. Але дачок таемна пераправілі ў Варшаву, дзе яны жылі пад чужымі імёнамі. Жонка Рамуальда Антаніна памерла ў 1906 годзе.

Пасля падаўлення паўстання пакаралі смерцю 128 чалавек, 853 адправілі на катаргу, 500 – на пасяленне, 320 – шарагоўцамі ў войска. А з “Паўночна-Заходняга края” Расійскай імперыі агулам выслалі 40 тысяч чалавек.

Месцы, звязаныя з Траўгутам

Помнік Рамуальду Траўгуту ёсць у Свіслачы, дзе ён вучыўся ў гімназіі. Паставілі “за польскім часам” у 1928 годзе на ахвяраванні насельніцтва.

Адкрыццё помніка Траўгуту ў Свіслачы
Адкрыццё помніка Траўгуту ў Свіслачы, 1928

З прыходам савецкай улады помнік амаль разбурылі, застаўся толькі пастамент. У 1989 годзе гродзенскія рэстаўратары аднавілі яго. Цікава, што помнік стаіць на адной алеі з помнікам Кастусю Каліноўскаму.

Помнік Рамуальду Траўгуту ў Свіслачы
Помнік Рамуальду Траўгуту ў Свіслачы

Маёнтак Востраў быў знішчаны ў час Другой сусветнай вайны. Цяпер тут невялікая вёска Астроўе (Маларыцкі раён), якая паступова знікае. На 2025 год жыло ўсяго 5 чалавек.

Вясной 1933 года, пры польскай уладзе, тут адзначалі 70-годдзе паўстання. З Кобрына прыехаў ваенны аркестр, было шмат людзей і нават два жывыя ветэраны-паўстанцы. Тут быў усталяваны крыж і камень, на якім было выбіта “Рамуальду Траўгуту – вялікаму сыну Палесся”. У 2003 годзе помнік быў адноўлены, на яго адкрыццё прыязджаў нашчадак Траўгута – Анджэй Юшкевіч з Варшавы.

Шыльда ў Астроўі
Шыльда ў Астроўі

У Шастакове (цяпер Камянецкі раён), дзе нарадзіўся Траўгут, да яго стагоддзя ў 1926 годзе польскія ўлады паставілі помнік з мемарыяльнай шыльдай. У савецкі час ён быў занядбаны, у 2003 годзе тут абнавілі шыльду, а ў у 2014 годзе быў усталяваны крыж.

Сядзібны дом у Шастакове
Сядзібны дом у Шастакове, 1927

Яшчэ адна мясціна – былы маёнтак Божы Дар, дзе Траўгут прысягнуў паўстанню. Сёння гэта Кобрынскі раён. У 2003 годзе тут паставілі валун з мемарыяльнай шыльдай.

Глядзіце яшчэ:
Судьба сказочного дворца неподалёку Барановичей. И причём тут редкая книга с аукциона

Комментарии закрыты.

Вверх