Беларуска расказала, што пераехала з вёскі ў горад, і патлумачыла, чаму аб гэтым не шкадуе. Відэа з яе меркаваннем сабрала дзясяткі тысяч праглядаў. Людзі ізноў узнялі праблему вымірання беларускіх вёсак, выказвалі меркаванні на гэты конт. Насамрэч, гэта хвалюе многіх, бо прыгадайце самі, калі вашыя бацькі-дзяды самі пераехалі ў горад. А што кажа статыстыка і навука дэмаграфія аб перспектывах вясковага жыцця?

Галіна сама нарадзілася ў вёсцы ў Гродзенскай вобласці, потым жыла ў горадзе, потым ізноў жыла і працавала ў вёсках Пастаўскага раёну. Цяпер яна ізноў жыве ў горадзе, і кажа, што рада гэтаму. Вось цытата з яе крыку душы, у якім яна незвычайна абгрунтавала прычыны нежадання жыць ў вёсцы.

“Усё кажуць, едзьце ў вёску, адраджайце вёску. Ведаеце, што я вам скажу? Гэта ж не жыццё ў вёсцы. Я разумею, калі нехта сям’ёй прыедзе. А калі я адна прыязджала… Мне хацелася курэй трымаць, гарод, каб да мяне ніхто не лез….

Але, па-першае, п’яні ў вёсцы вельмі шмат развялося. А па-другое, зашмат начальнікаў. Каторыя ходзяць толькі з паперкамі, а дапамогі ніякай рэальнай. Таму я рада, што выпісалася ў горад і ў мяне тут наглядчыкаў не будзе. Я тут спакойна і ўпэўнена сябе адчуваю”, — кажа Галіна.

Незвычайнае абгрунтаванне, але зерне ў гэтым ёсць. Памятаеце: паспрабуй траву не пакасіць – штраф! Ды ў вёсцы чалавек навідавоку, а ў горадзе часцей застаецца сам-насам.

Автолавка
Аўталаўка ў выміраючай вёсцы ў Бярозаўскім раёне, архіўнае фота 2015

“Няма таго, што раней было”

У каментарах пад пастом Галіны многія так і напісалі: “няма таго, што раней было”. Аказваецца, настальгія па вёсцы мінулага яшчэ застаецца ў памяці многіх. Вось што прыгадвае мужчына ва ўзросце:

“Раней праз 2-3 вёскі былі свае лесапілкі, з піламатэрыяламі не было праблем. Тэхніку замовіць можна было ў любой гаспадарцы ўвогуле за капейкі. Салярка нічогаа не каштавала. Камбайн узяць ў калгасе – раз плюнуць. Танных дроваў хапала заўсёды і ўсюды. У буйных вёсках былі свае медпункты, памерці не давалі.

Платоў у бедных зусім не было, без усялякага сораму можна было зайсці да любога з любым пытаннем. А цяпер высокія платы, камеры назірання, нават “добрай раніцы” не скажуць.

Тым болей, уся перспектыва ў вёсках разбурана. Прынята купа законаў, што нічога як раней не пачнеш. Вось і ўцякаюць нават старыя ў горад, а моладзь вучыць замежныя мовы, ды едзе за мяжу”, — кажа вясковы жыхар.

Оброво Ивацевичи
Старажытны дуб на могілках ў вёсцы Аброва Івацэвіцкага раёну

Прыгадваюць і розныя паборы, ды дрэнную інфраструктуру, лагістыку:

“Грошы, грошы дзяруць… Квартальныя, на кантэйнеры для смецця, на лецішчы – на рамонт даху вартаўнікам. Лічыльнікі на вуліцы, ды і за многае іншае. А транспарту ніякага, пешшу 6 кіламетраў. Дапамогі нуль”, – прыгадвае гаражанін вопыт паездак на лецішча ў вёску.

Сапраўды, можна пагадзіцца, бо колькі тых скаргаў з вёсак на дрэнныя дарогі ды іншыя праблемы. Яшчэ адзін з каментатараў кажа, што не варта законы з новымі штрафамі прымаць, бо так людзей у вёску не заманіш.

“Лічу, што нават не трэба дапамагаць, трэба хаця б не перашкаджаць людзям”, — мяркуе мужчына.

Што кажа статыстыка

Паводле Нацыянальнага статыстычнага камітэту, на 1 студзеня 2025 года ў Беларусі ў вёсках пражывала 21,1% насельніцтва (больш 1,9 млн чалавек). Калі паглядзець апошнія перапісы, то бачна, што вясковае насельніцтва Беларусі змяншаецца.

У 2019 годзе ў Беларусі ў вёсцы жылі 22,5% жыхароў (больш за 2,1 млн). А ў 1999 вяскоўцаў быў 31% (больш за 3 млн). Гэта значыць, што за апошнія чвэрць стагоддзя вясковае насельніцтва Беларусі зменшылася на 1,1 мільёна чалавек.

У 2018 годзе беларускія вучоныя Вольга Пашкевіч і Вікторыя Лёўкіна рабілі прагноз, што з 2016 па 2030 год агульная колькасць сельскага насельніцтва краіны зменшыцца на 21,2%. У сваім даследаванні яны адзначалі “нарастанне нерацыянальных плыняў паміж горадам і вёскай, абумоўленых пераважна моладзевай міграцыяй”. Ну, гэта і няўзброеным вокам бачна, што з вёскі бяжыць найперш моладзь.

Жыццё ў вёсцы
Калісьці тут жыў ветэран. Бярозаўскі раён

Чаму ж так адбываецца?

Калі прааналізаваць дадзеныя Белстата, то трэба перажываць не так за вёскі, як агулам за змяншэнне насельніцтва Беларусі. Хаця тэндэнцыя зараз такая, што гарады растуць павольней, а вёскі выміраюць хутчэй.

Яшчэ адна з тэндэнцый  – колькасць вяскоўцаў, працуючых у сельскай гаспадарцы, змяншаецца. А дэмографы кажуць, што менавіта наяўнасць працы ў першую чаргу ўплывае на жаданне жыць у вёсцы. Таму лагічна, што каб стрымліваць на месцы вясковае насельніцтва, там трэба ствараць новыя працоўныя месцы не толькі ў сельскай гаспадарцы, але і ў іншых сферах.

Таксама, калі абапірацца на дадзеныя Белстата 2025 года, сярэдняя хатняя гаспадарка жыве на рэсурсы, роўныя 2 тысячам рублёў у месяц (сюды уваходзяць не толькі грошы, але і прыблізны кошт прадуктаў, якія вырасцілі, а таксама, атрыманыя ільготы). У той жа час гарадская сям’я мае рэсурсаў на 2,5 тысяч рублёў.

Адмоўна ўплывае на жаданне жыць у вёсцы і доступ да цывілізацыі. Змяншаецца колькасць магазінаў, школ, дзіцячых садкоў і іншых аб’ектаў.

Тым часам беларускія ўлады дзесяцігоддзямі кажуць аб развіцці і падтрымцы сяла. Паводле дзяржаўнай праграмы ў 2005-2010 гадах былі створаны 1,5 тысяч аграгарадкоў. Там будавалася жыллё, паляпшалася інфраструктура. Аднак, аказалася, што часта так званыя “прэзідэнцкія домікі” апынуліся незапатрабаванымі.

Гэтая, і іншыя меры па развіцці сяла, былі збольшага касметычнымі. Як паказвае статыстыка, дэмаграфія сельскай мясцовасці жадае чакаць лепшага.

Вёска Горталь, Івацэвіцкі раён
Вёска Горталь, Івацэвіцкі раён

А як у свеце?

Беларусь не выключэнне з сусветнай тэндэнцыі. А яна такая, што ў заходніх краінах наогул насельніцтва скарачаецца.

Ва ўсходніх краінах, дзе важную ролю мае сельская гаспадарка, сельскага насельніцтва больш. Напрыклад, у Пакістане ў 2024 годзе 61,6% людзей былі сялянамі. І мясцовая статыстыка даводзіць, што сельскае насельніцтва расце.

Але ў заходніх краінах сітуацыя наадварот. Сельскае насельніцтва змяншаецца ў Еўропе. Напрыклад, у Германіі ў 2024 годзе 22,1% людзей былі вяскоўцамі, у Францыі – каля 18%, у Іспаніі – 18,2%. У ЗША сельскае насельніцтва складае 16,5%.

Дарэчы, у 1959 годзе ў СССР сельскае насельніцтва складала 48%. Але гэта сведчыць хіба пра тое, што ў тыя гады быў больш нізкі ўзровень механізацыі сельскай гаспадаркі. У Савецкім Саюзе доўгі час людзі проста не маглі пераехаць у гарады з-за адсутнасці пашпартоў.

Як і енкалі прыгонныя сяляне, яны мусілі жыць толькі па месцы прапіскі. А паўнацэнную пашпартызацыю для калгаснікаў увялі толькі ў 1974 годзе. Тады людзі і паехалі ў гарады з вёсак.

Пашпарт СССР
Да пашпартызацыі ў 1974 годзе ў СССР мільёны людзей былі абмежаваны ў праве на перамяшчэнне

Расійскі дэмограф Аляксей Ракша ў інтэрвію Юрыю Дудзю казаў, што дэмаграфічныя тэндэнцыі падобныя ва ўсім свеце і нараджальнасць цяпер падае нават у Азіі.

“Нараджальнасць падае ва ўсім свеце. А ў Еўропе яна ўжо даўно ўпала. Пры гэтым смяротнасць падае, працягласць жыцця расце. Людзі жывуць усё даўжэй, нараджаюць усё меней. Насельніцтва старэе, і гэта ва ўсім свеце адбываецца. Проста Еўропа першая пайшла па гэтай дарозе. Бо развіццё цывілізацыі ў эпоху індустрыяльнай рэвалюцыі тут ішло хутчэй”, — кажа вучоны.

Да прыкладу, Ракша зрабіў прагноз, што ў Расіі ў 2100 годзе будзе жыць ад 70 да 120 мільёнаў чалавек. Гэта ледзь не ў два разы меней, чым цяпер. Так што Беларусь ў дэмаграфіі не ўнікальная, хоць гэта і не дадае аптымізму.

Глядзіце яшчэ:
Ад Магдэбургскага права да аграгарадка: жыццё ў вёсцы, якой калісьці ганарыліся

Комментарии закрыты.

Вверх