Калісьці Нача ў Ляхавіцкім раёне з’яўлялася адной з найпрыгажэйшых сядзіб гэтай часткі Беларусі. І людзі жылі ў ёй няпростыя: 13 ліпеня 1866 г. у маёнтку Нача Брынздоўская нарадзіўся Напалеон Казіміравіч Чарноцкі – выбітны лекар, перакладчык, публіцыст і грамадскі дзеяч.

Хто гэты чалавек і іншыя ўладальнікі Начы, і што цяпер засталося ад сядзібы? Якую гісторыю сёння можна распавесці турыстам?

Дапамога Пілсудскаму

У свой час Напалеона Чарноцкага лёс звёў нават з Юзафам Пілсудскім, будучым кіраўніком Польскай дзяржавы. Апошні быў у ліку заснавальнікаў і рэдактараў падпольнай сацыялістычнай газеты “Рабочы”, створанай у 1894 годзе.

Напалеон Чарноцкі
Напалеон Чарноцкі

Тайная друкарня была заснавана ў Ліпнішках (сёння Іўеўскі раён), далей ад царскай паліцыі. Калега Пілсудскага фармацэўт Казімеж Парнеўскі купіў у Ліпнішках аптэку. Друкаваную машыну змоўшчыкі набылі ў Лондане і даставілі ў Ліпнішкі ў аптэчнай шафе. З Варшавы ў якасці брата Парнеўскага і памочніка аптэкара прыехаў друкар Б. Главацкі. У сваю чаргу, Юзаф Пілсудскі кожны месяц прыязджаў у госці да жонкі Парнеўскага, выдаючы сябе за яе сваяка. Ён прывозіў з сабой матэрыялы для газеты. Першы нумар “Рабочага” выйшаў з друку 24 чэрвеня 1894 года. Для канспірацыі на ім пазначылі: “Надрукаваны ў Варшаве”. На жаль, за друкам шостага нумара падпольная справа была раскрыта.

Друкар Главацкі завязаў раман з кухаркай Парнеўскага. Ён хваліўся перад ёй сваёй таямнічай працай і абяцаў шлюб. Калі, нягледзячы на настойлівасць кухаркі, абяцанне не было выкнана, пакрыўджаная жанчына данесла ў паліцыю. Друкарню трэба было хутка ліквідаваць.

Лекарам у Ліпнішках тады быў Напалеон Чарноцкі, які вучыўся разам з Парнеўскім. Ён і згадзіўся дапамагчы сябру. Друкарню разабралі. Два вялікія кашы, у якіх знаходзіліся старанна спакаваныя станок і шрыфты, былі дастаўлены ноччу на чыгуначную станцыю Пагарэльцы, адкуль Напалеон Чарноцкі забраў іх як асабісты багаж у свой маёнтак Нача, а потым на месца сваёй медыцынскай практыкі ў Мір. Доктар Чарноцкі захоўваў друкарскі станок у Міры некалькі месяцаў.

Калі ж ён вырашыў пераехаць у Іўе, то перадаў друкарню Станіславу Вайцяхоўскаму, які ў 1922 – 1926 гг. стаў прэзідэнтам Польшчы. А там Вайцяхоўскі перавёз друкарню ў Вільню, дзе ў чэрвені 1895 года выйшаў сёмы нумар “Рабочага”.

Станіслаў Вайцяхоўскі і Юзаф Пілсудскі
Станіслаў Вайцяхоўскі і Юзаф Пілсудскі

Займаўся перакладамі на беларускую мову

Вучыўся Напалеон Чарноцкі ў Слуцкай гімназіі, якую скончыў у 1887 г. У час вучобы ўваходзіў у тайны гурток самаадукацыі, цікавіўся беларускім фальклорам і таксама займаўся перакладамі на беларускую мову. Быў адказным за таемную школьную бібліятэку, у якой, акрамя рускамоўных сацыялістычных выданняў, было некалькі дзясяткаў польскіх кніг, падораных Эмай Дмахоўскай. Разам з іншымі старшакласнікамі ён рэдагаваў прапагандысцкую брашуру на польскай мове “Ojciec Szymon” (“Бацька Шыман”), якая ў 1885 г. была апублікавана на беларускай мове на гектографе пад назвай “Дзядзька Антон”.

Напалеон Чарноцкі паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, увайшоў у інтэрнацыянальную студэнцкую арганізацыю. У 1890 г. быў выключаны за ўдзел у падпольных гуртках і студэнцкіх хваляваннях. Быў памешчаны пад хатні арышт у родным маёнтку Нача. Затым аднавіўся на факультэце і пасля выпуску з універсітэта пачаў працаваць урачом у Беларусі – у Міры, Іўі, Нясвіжы і Свіслачы.

У 1904 г. Напалеон Чарноцкі быў мабілізаваны ў Рускую армію. І адпраўлены ў якасці ўрача на руска-японскую вайну на Маньчжурскі фронт. Пасля вяртання з вайны ў 1905 г. прадаў сваю частку спадчыны ў Начы і ў 1908 г. пераехаў у Канаду, дзе набыў надзел зямлі і працаваў фермерам, вырошчваў лекавыя травы. Аднак справа ў яго не пайшла, ён застаўся амаль без грошай і ў 1912 г. вярнуўся ў Начу.

З пачаткам Першай сусветнай вайны зноў прызываецца ў Рускую армію. З 1918 года жыве ў Варшаве, пазней у Вільні.

Вывучаў народную медыцыну

З 1919 па 1920 г. Н.К. Чарноцкі прызначаны старшым рэферэнтам санітарнага аддзела Вільні ва ўрадзе Пілсудскага. Пасля Рыжскага мірнага дагавору 1921 г. займаўся ўрачэбнай практыкай і вывучэннем народнай медыцыны. Працаваў урачом на Валыні, у Вільні, Іўі, Гродне, Навагрудку. У першай палове 1930-х гг. жыў і працаваў у Лідзе.

Потым Напалеон Казіміравіч сыходзіць з медыцынскай працы і пераязджае ў свой маёнтак Вялікая Лебяда каля станцыі Скрыбаўцы (сёння – Шчучынскі раён). Там ён заклаў плантацыю лекавых раслін. Пасля Другой сусветнай вайны калгас в. Мажэйкава Лідскага раёна працягнуў яго справу вырошчвання лекавых раслін.

У захаванні здароўя і лячэння хворых Н.К. Чарноцкі надаваў вялікае значэнне сілам прыроды. Неаднаразова на з’ездах дактароў і ў друку агучваў ідэі аб неабходнасці будаўніцтва санаторыяў у сасновых барах для малазабяспечаных хворых, якія жывуць у антысанітарных умовах. Ён атрымаў прызнанне і актыўную падтрымку лекараў. Аднак здзейсніць гэтыя праекты з-за матэрыяльных цяжкасцей не ўдалося.

Сядзіба Нача
Сядзіба Нача ў 1920-1930-х. Фота Яна Булгака

Выступаў у абарону беларускай мовы

Доктар Чарноцкі быў таленавітым публіцыстам і літаратарам, у прэсе выходзілі яго артыкулы на медыцынскія і сацыяльныя тэмы. Першая літаратурная праца – удзел у перакладзе і выданні першай і другой рэдакцый рэвалюцыйнай брашуры “Дзядзька Антон” (1885 і 1892 гг.). Напалеон Казіміравіч перапісваўся з рускім пісьменнікам Уладзімірам Караленкам і пераклаў на польскую мову яго апавяданне “У дрэннай кампаніі” (каля 1887). На беларускую мову – п’есы А. Чэхава «Сватанне» і М. Крапіўніцкага «Па рэвізіі» (1902), «Пашыліся ў дурні» (1908). У перакладзе вадэвіля Антона Чэхава рускія прозвішчы набылі беларускі каларыт: Сцяпан Сцяпанавіч Чубукоў стаў Сцяпанам Чыбухам, Іван Васільевіч Ломаў – Іванам Ламакам, Наталля Сцяпанаўна – Наталкай.

З’яўляўся аўтарам брашуры «Як будзе з зямлёй?» (Санкт-Пецярбург, 1907), дзе прапагандаваў погляды на рашэнне пытання з зямельнымі надзеламі. Таксама напісаў сацыяльна-эканамічную брашуру «Што дзяліць, а што не, каб супакой быў на свеце». У артыкуле «Да пытання пра беларускую народную школу» (1908) выступаў у абарону беларускай мовы. Абгрунтоўваў права беларускага народа на развіццё сваёй нацыянальнай культуры і школы.

Выступаў знаўцам беларускага фальклору, добра адгукаўся пра творчасць Якуба Коласа. Выказваў думку, што прыйшла пара заснаваць легальнае «Таварыства сяброў беларускай школы». Напален Чарноцкі – аўтар нарыса “Аб адбудове гістарычнай Літвы”, шэрага публікацый з успамінамі пра рэвалюцыйны рух у газетах “Наша ніва” і “Вольная Беларусь”. Як публіцыст ён таксама выступаў у выданнях “Менскі кур’ер”, “Głos” (Варшава), “Źródła mocy” (Вільня) і іншых. У 1928 г. напісаў артыкул “Батлейкі з ваколіц Начы”. У ім згадваў свае дзіцячыя гады і расказваў пра мясцовы народны лялечны тэатр.

Напалеон Чарноцкі быў чалавекам шырокага кола грамадскіх інтарэсаў, меў разнастайныя здольнасці. Акрамя літаратаратурных практыкаванняў ён унёс свой уклад у развіццё як нацыянальнай асветы. Так і беларускага тэатра – быў пастаноўшчыкам і рэжысёрам асобных аматарскіх спектакляў. А творы Марка Крапіўніцкага ў яго перакладзе доўгі час ставіліся на беларускай савецкай сцэне.

Н.К. Чарноцкі памёр 14 лютага 1937 г. у сваім маёнтку.

Сядзіба Нача
Сядзіба Нача ў Ляхавіцкім раёне, задні план. Фота 2025

З гісторыі Начы

Сядзіба ў Начы Брындзоўскай, дзе Напалеон нарадзіўся, правёў дзяцінства, вядомая яшчэ з часоў князя Вітаўта. Гэтай зямлёй валодаў княскі канюшы, магнат Ян Няміра. З часам маёнтак Нача паступіў у каралеўскую казну.

У 1566 годзе ў Навагрудку была заснавана пасада ваяводы, і першым ваяводам Навагрудскага ваяводства стаў шляхціч Аляксандр Брындза, якому быў выдзелены маёнтак Нача. Сям’я Брындзы валодала ім даволі доўгі час, і Нача паволі стала Брындзоўскай. Каб не было блытаніны з другімі населенымі пунктамі з той жа назвай.

Пры канцы XVIII ст. маёнтак Нача Брындзоўская перайшоў ва ўласнасць князёў Масальскіх, а ад іх у пачатку XIX ст. – да Чарноцкіх. Да 1815 года ў Начы быў пабудаваны прамавугольны каменны дом у класіцысцкім стылі з 18 пакоямі і цэнтральным порцікам з шасцю калонамі. Адначасова з гэтым быў узведзены двухпавярховы цагляны будынак для служачых маёнтка.

Ландшафтны парк і сады здзіўлялі сваімі памерамі і прыгажосцю. Яны распасціраліся на паўтара кіламетра ўздоўж берагоў ракі Начы, і пераўзыходзілі нават замкавыя паркі ў Нясвіжы! У парку былі пракладзены алеі з ліп, ясеняў, клёнаў і каштанаў. Створана паляна з лістоўніц у выглядзе сонечнага гадзінніка. Усталяваны вялікі дэкаратыўны каменны стол, які выклікаў рамантычныя асацыяцыі з легендамі пра караля Артура. Нядзіўна, што Нача заслужыла рэпутацыю аднаго з самых утульных і маляўнічых маёнткаў Літвы.

Каменны стол каля сядзібы Нача
Каменны стол каля сядзібы Нача

Брат Казіміра Чарноцкага, Віктар, прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. Ён быў захоплены рускімі войскамі ў першай бітве свайго падраздзялення ў Слуцкім павеце. Але адмовіўся адрачыся ад сваіх перакананняў нават на судзе. Яго прысудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі, а затым яшчэ пяць год быў пад наглядам паліцыі. І вярнуцца ў родную Начу змог толькі ў 1879 годзе.

Казімір Чарноцкі
Казімір Чарноцкі

У Казіміра Чарноцкага, уладальніка маёнтка, было тры сыны: Станіслаў, Міхал і Напалеон. Не толькі Напалеон, але і сам Казімір актыўна цікавіўся народнай культурай. Напрыклад, у 1880-я гг. ён прымаў у Начы Міхала Федароўскага, аўтара аднаго з найважнейшых прац па беларускай этнаграфіі – “Беларускі народ у Літоўскай Рутэніі”. Значную частку гэтай калекцыі складалі этнаграфічныя матэрыялы. Напрыклад, народныя песні, апісання паўсядзённага жыцця, казкі, прыказкі і многае іншае з ваколіц Начы.

Што цяпер з сядзібай?

На шчасце, Нача засталася ацалела ў часе двух сусветных войнаў. Але ў пасляваенныя гады маёнтак Чарноцкіх з яго шматвяковай гісторыяй быў нядбайна перабудаваны ў калгас. Сядзібны дом ператвораны ў цэх па вытворчасці яблычнага воцату на аснове садавіны, якую прыносілі былыя сады Чарноцкіх.

Сёння воцат ужо не патрэбны, і сядзіба закінутая. Але, нягледзячы на тое, што будынак знявечаны доўгімі дзесяцігоддзямі калгаснага гаспадарання, усё роўна часткова захавалася яго пышная класіцыстычная архітэктура. Праўда, замест цэнтральнай алеі муляюць вока нейкія сельскагаспадарчыя забудовы, а парк проста запушчаны і зарос пустазеллем.

Чытайце яшчэ:
Наследие шляхтича в Барановичском районе, к которому ездили выдающиеся мыслители

Комментарии закрыты.

Вверх