13 студзеня 2026 года споўнілася 65 год нашаму земляку, доктару гістарычных навук Генадзю Сагановічу. Яго лёс і навуковая кар’ера развіваліся няпроста, але адкрыцці вучонага пра самую крывавую вайну ў гісторыі Беларусі ўжо не выкрэсліць ніякай ідэалагічнай забаронай.

Генадзь Сагановіч паходзіць з вёскі Турная Івацэвіцкага раёну, дзе нарадзіўся ў 1961 годзе. Прозвішча Сагановічаў даволі распаўсюджанае ў гэтым краі.  Як гісторык Генадзь Сагановіч спецыялізуецца на ваенна-палітычнай гісторыі Беларусі ў складзе Вялікага княства Літоўскага. Апроч таго, займаўся археалогіяй, даследаваў некалькі замкаў на тэрыторыі Беларусі.

Кніга – сенсацыя 1990-х

Бадай, найбольшую вядомасць атрымала яго кніга “Невядомая вайна 1654-1667”, якая выйшла ў 1995 годзе, праз чатыры гады пасля распаду СССР. Справа ў тым, што гэтая тэма была вельмі нераскрытая і ідэалагізаваная ў часы Савецкага Саюза. Не прынята было расказваць пра тое, што рускія забівалі беларусаў. Таму і такая назва была ў кнігі.

Невядомая вайна
Невядомая вайна была выдадзена ў 1995 годзе

Генадзь Сагановіч даводзіць, што падчас той вайны беларускія землі былі спустошаныя Маскоўскай дзяржавай. Насельніцтва на тэрыторыі Беларусі зменшылася больш, чым на 50% (для параўнання, у час Другой сусветнай вайны – на 25%). Некаторыя гарады, як Ляхавічы, былі знішчаны больш, чым на 90%. Тысячы таленавітых рамеснікаў маскавіты вывезлі ў палон.

Табліца з кнігі Сагановіча
Табліца з кнігі Сагановіча

Пасля той вайны краіна не магла аправіцца стагоддзямі. Гаспадарка была спустошаная, людзей не хапала. Натуральна, што гэта паўплывала і на запаволенае развіццё беларускай нацыі ў будучыні.

І вось адным з першых, хто зрабіў паглыбленае даследаванне той вайны, стаў Генадзь Сагановіч. І якія б спрэчкі не хадзілі б вакол яе, гэтая кніга стала сапраўдным навуковым бестселерам.

“Невядомая вайна” ізноў стала нязручнай тэмай

Але ў пачатку 2000-х гадоў у Беларусі зноў пачалі з’яўляцца забароненыя тэмы ў гісторыі. Шмат казалася пра нейкую “дзяржаўную ідэалогію”, у межах якой не было месца адлюстраванню праўды пра вайну з Расійскай дзяржавай. Ва ўніверсітэтах адбыліся чысткі, былі звольненыя некаторыя гісторыкі, якія адважваліся працаваць з “ідэалагічна няправільнымі” тэмамі.

У 2005 годзе з Акадэміі навук Беларусі звольнілі і Генадзя Сагановіча. Прычыны былі фармальныя, у навуковай супольнасці ўсе разумелі, што звальняюць нязгодных з “курсам партыі”.

Пры тым, што Генадзю Сагановічу закідалі нейкую “апазіцыйнасць”, ён асабіста займаўся чыстай навукай, а не міфалогіяй ад ідэалогіі. Вось, што вучоны гаварыў аднаму з выданняў у 2012 годзе:

“А шансы развіцця нашай гуманітарыстыкі мне бачацца найперш у радыкальнай дэпалітызацыі навукі, – гэта першаўмова, дасягненне якой немагчыма без дэмантажа цяперашняга палітычнага рэжыму, у аднаўленні акадэмічнай аўтаноміі Акадэміі навук і універсітэтаў, дэмакратызацыі іх жыцця, у вяртанні да практыкі ацэнкі навукоўцаў паводле прафесіяналізму, а не лаяльнасці, у культывацыі адкрытасці і міжнароднага супрацоўніцтва, а не наадварот, як цяпер”.

Прызнаны ў Еўропе доктар навук

Нягледзячы на тое, што Генадзю Сагановічу не знайшлося магчымасці працаваць на радзіме, ён стаў прызнаным навукоўцам у еўрапейскіх краінах. У 2018 годзе ён стаў доктарам навук у Варшаўскім універсітэце.

Генадзь Сагановіч
Генадзь Сагановіч

Прызнанне атрымала яго праца “Грунвальд у беларускай гісторыі: спроба разбору палітычнага міфа”. Гэта вельмі “непапсовы” погляд на ацэнку знакамітай Грунвальдскай бітвы, якая абрасла шматлікімі міфамі за апошнія стагоддзі.

Віншаванні!

13 студзеня 2026 года Генадзю Сагановічу споўнілася 65 год. Жадаем яму моцнага здароўя і многіх гадоў працы на карысць беларускай навукі, беларускай гісторыі. І хто ведае, магчыма некалі пройдзем па Івацэвічах вуліцай імя Генадзя Сагановіча…

Выбраная бібліяграфія

Кнігі, манаграфіі Генадзя Сагановіча. Некаторыя, як «Невядомую вайну», можна нагугліць і пачытаць у інтэрнэце.

  • “Айчыну сваю баронячы: Канстанцін Астрожскі” (1992);
  • “Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст.” (1994);
  • “Невядомая вайна, 1654—1667” (1995);
  • “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі, 862—1918” (1999, разам з Уладзімірам Арловым);
  • “Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст.” (2001);
  • “Старажытная Літва і сучасная Летува” (разам з Сяргеем Дубаўцом);
  • “Грунвальд у беларускай гісторыі: Спроба разбору палітычнага міфа” (2016).

Глядзіце яшчэ:
Ад Магдэбургскага права да аграгарадка: жыццё ў вёсцы, якой калісьці ганарыліся

Комментарии закрыты.

Вверх